Лілія Ўласава расказала, што не пакінула Беларусь, каб не выглядаць здрадніцай

Лілія Ўласава

Мэдыятар Лілія Ўласава, якую вызвалілі зь СІЗА № 1, расказала Tut.by, чаму вырашыла не зьяжджаць з краіны перад сваім затрыманьнем.​

Уласава кажа, што была абураная пасьля таго, як яе выклікалі ў Сьледчы камітэт у крымінальнай справе па факце стварэньня Каардынацыйнай рады.

«Але я ня зьехала. Мне здавалася, што гэта будзе выглядаць як здрадніцтва. Калі я зараз і зьеду, то ненадоўга, на лячэньне, мне неабходна паправіць здароўе», – сказала Ўласава.

Уласава лічыць, што дамаўляцца з уладамі можна было адразу пасьля выбараў, і Каардынацыйная рада да гэтага заклікала. На думку мэдыятара, трэба было сесьці за стол перамоваў і паспрабаваць знайсьці варыянты пераходнага пэрыяду. Але рэпрэсіі супраць мірных грамадзян прыпынілі магчымасьць перамоваў.

«Таму што дзейная ўлада лічыць, што пайсьці на перамовы ці на саступкі – гэта праява слабасьці. Улада дэманструе сваю сілу і нарошчвае агрэсію. Пакуль гэта іх адзіная стратэгія супрацьстаяньня народнаму пратэсту. Але ігнараваць і душыць народ доўга немагчыма, сытуацыя мусіць нейкім чынам вырашыцца», – сказала Ўласава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Умовы вызваленьня Бабарыкі, 9 гадзін без вады і ежы. Уласава расказала пра сустрэчу ў СІЗА КДБ