У Туркмэністане апазыцыянэрку параўноўваюць зь Ціханоўскай. Улады баяцца пратэстаў

Дурсалтан Таганава

Дурсалтан Таганава, туркмэнская актывістка ў Турэччыне, стала своеасаблівым тварам туркмэнскай апазыцыі.

Улады ў туркмэнскім Лябапскім вілаяце разгарнулі кампанію для дыскрэдытацыі Таганавай. Туркмэнскія ўлады асьцерагаюцца ўзьнікненьня хваляваньняў ўнутры краіны і параўноўваюць актыўную ўдзельніцу пратэстаў супраць прэзыдэнта Бэрдымухамэдава зь лідэркай беларускай апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай. Пра гэта паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода.

Імя Дурсалтан Таганавай стала вядомым туркмэнскай грамадзкасьці ў ліпені гэтага году, пасьля таго, як яе затрымалі ў Стамбуле падчас пратэставай акцыі 19 ліпеня супраць ураду Туркмэністану.

Таганаву, актывістку новай апазыцыйнай групы «Дэмакратычны выбар Туркмэністану», пратрымалі ў дэпартацыйным цэнтры Стамбулу каля трох месяцаў і выпусьцілі толькі 12 кастрычніка. З тых часоў, як Таганава стала актыўнай удзельніцай пратэставага руху ў выгнаньні, у Туркмэністане пачалі перасьледаваць яе сваякоў. Чальцоў сям’і і іншых сваякоў Таганавай неаднаразова выклікалі ў паліцыю і прымушалі рабіць заявы, называючы актывістку «здрадніцай радзімы».

На апошніх пратэставых акцыях удзельнікі ў тым ліку патрабавалі вызваленьня Таганавай з дэпартацыйнага цэнтру ў Стамбуле. У яе абарону таксама выступілі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Гурбангулы Бэрдымухамэдаў і Аляксандар Лукашэнка

У выніку павышанай увагі да Таганавай яна фактычна ператварылася ў своеасаблівы твар туркмэнскага пратэставага руху. Туркмэнскія ўлады занепакоеныя ростам яе папулярнасьці на фоне росту незадаволенасьці ў краіне ў сувязі з эканамічным спадам і абвастрэньнем сацыяльнай напружанасьці.

У інтэрвію туркмэнскай службе Радыё Свабода Дурсалтан Таганава пракамэнтавала параўнаньне яе зь Ціханоўскай:

«Ціханоўская ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах. А я не ўдзельнічала ў выбарах. Я не зьяўляюся лідэрам такога ўзроўню. Я проста актывістка руху „Дэмакратычны выбар Туркмэністану“. Параўноўваць мяне зь Ціханоўскай — вялікая памылка. Мой актывізм зьяўляецца маленькім унёскам у памкненьне нашага народу да свабоды.

І я не зьяўляюся гераіняй, я такая ж грамадзянка Туркмэністану, як і любы іншы туркмэністанец. Але я вельмі добра зразумела, што, калі мы самі не запатрабуем нашую свабоду, ня будзем змагацца за справядлівасьць, ніхто нам ня дасьць свабоды і справядлівасьці у якасьці падарунку. Мы не выбіралі Бэрдымухамэдава. І мы павінны настойваць законнымі шляхамі на яго сыходзе ад улады, а потым шляхам адкрытых выбараў мы павінныя будзем выбраць новага лідэра. У нас няма цяпер іншага выйсьця».