Футбаліста «Гарадзеі» арыштавалі на 13 содняў. Гэта ўжо другі ягоны прысуд

Расьціслаў Шавель

Футбаліста клюбу Найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі «Гарадзея» Расьціслава Шавеля пакаралі 13-дзённым арыштам за ўдзел у маршы 1 лістапада. Сваёй віны ён не прызнаў.

Прысуд пра арышт за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (23.34 КаАП) вынесла судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Тацяна Пірожнікава. Раней яна ўжо неаднаразова выносіла палітычна матываваныя прысуды.

У жніўні Расьціслаў Шавель ужо адбыў 8 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

19-гадовы гулец «Гарадзеі» дэбютаваў у асноўным складзе каманды ў матчы Найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі гэтай вясной. Пасьля першага арышту Расьціслаў Шавель сказаў, што шэраг супрацоўнікаў АМАПу, турэмнай аховы ставіліся да затрыманых, а затым арыштаваных «нібы да жывёлаў».

За ўдзел у пратэстах пад адміністрацыйны арышт траплялі і іншыя футбалісты, сярод іх гулец БАТЭ і нацыянальнай зборнай Беларусі Антон Сарока. Барысаўскі і гарадзейскі клюбы ўстрымаліся ад камэнтароў.