Міністэрства фінансаў Беларусі прызнала права галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў на кампэнсацыю. Андрэй Галавач амаль тры гады правёў пад вартай праз падазрэньне ў атрыманьні хабару ў буйным памеры, піша БелаПАН.
26 лістапада адбудзецца судовае паседжаньне паводле пазову галоўнага інжынэра МЗКЦ Андрэя Галавача да Міністэрства фінансаў аб кампэнсацыі за амаль тры гады ўтрыманьня пад вартай. Такое рашэньне 4 лістапада ў судзе Маскоўскага раёну Менску прыняла судзьдзя Паліна Анціпчук. У судзе адвакатка Алена Варонка нагадала, што Галавача затрымалі 6 траўня 2015 году. Амаль праз тры гады, 5 лютага 2018 году, суд Фрунзэнскага раёну сталіцы апраўдаў галоўнага інжынэра. 17 сьнежня 2019 году той жа суд прызнаў за Галавачом права на кампэнсацыю маёмаснай і маральнай шкоды, а таксама права на аднаўленьне парушаных працоўных, пэнсійных і іншых асабістых немаёмасных правоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апраўдальны прысуд галоўнаму інжынэру МЗКЦ пакінулі бязь зьменаўПрадстаўнікі Міністэрства фінансаў на паседжаньне суду 4 лістапада не зьявіліся. У пададзеным суду пісьмовым тлумачэньні міністэрства прызнала права Галавача на атрыманьне кампэнсацыі і папрасіла суд вызначыць памер кампэнсацыі маральнай шкоды «ў залежнасьці ад характару нанесеных Галавачу фізычных і маральных пакут з улікам патрабаваньняў разумнасьці і справядлівасьці».
На працягу ўсяго сьледзтва, а таксама суду, як сам Галавач, так і ягоныя абаронцы неаднаразова заяўлялі хадайніцтвы аб спыненьні вядзеньня крымінальнай справы праз адсутнасьць у яго дзеяньнях складу злачынства. Хадайніцтвы адхіляліся.
«Мой падабаронны ніякім чынам не парушаў закону. Ён быў незаконна абвінавачаны ў злачынстве, якога не рабіў. У вачах многіх людзей былі заплямленыя ягоныя гонар і добрае імя, дзелавая рэпутацыя. Знаходжаньне яго на працягу доўгага пэрыяду пад вартай <...> прывяло да пагаршэньня стану здароўя. На працягу трох гадоў ён незаслужана быў пазбаўлены сваёй сям’і, якая ў выніку расьсьледаваньня крымінальнай справы і разгляду ў судзе знаходзілася, можна сказаць, на мяжы распаду», — сказала адвакатка Алена Варонка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не вінаваты». 5 «дзірак» у справе, з прычыны якіх апраўдалі галоўнага інжынэра МЗКЦПеранесеныя маральныя і фізычныя пакуты Галавач ацэньвае ў 50 тысяч рублёў, якія ён просіць спагнаць зь дзяржавы ў якасьці маральнай шкоды. Пасьля апраўдальнага прысуду ў справе аб атрыманьні хабару ў буйным памеры (ч. 2 і 3 арт. 430 КК), Галавач яшчэ больш за год быў пад вартай праз абвінавачаньне ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК), але ў пазоў да Мінфіну аб кампэнсацыі галоўны інжынэр МЗКЦ уключыў толькі ўтрыманьне пад вартай паводле першага артыкулу, нягледзячы на тое, што быў апраўданы і па другім.