Аўтамат у непаўналетняга Мікалая Лукашэнкі — «не злачынства»

Тое, што непаўналетні Мікалай Лукашэнка ў апублікаваным 23 жніўня прэсавай службай ягонага бацькі відэарэпартажы хадзіў з аўтаматам, не зьяўляецца парушэньнем Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, бо «адсутнічаюць дастатковыя дадзеныя аб прыкметах злачынства».

Так лічаць у Магілёўскім абласным упраўленьні міліцыі. Сваю пазыцыю ведамства выклала ў адказе на зварот магілёўскага праваабаронцы Аляксандра Хамратава. Ён пісаў у пракуратуру.

Адказ зь міліцыі наконт аўтамата

На ягоны погляд, калі ў дзіцяці аўтамат — гэта «незаконнае нашэньне агнястрэльнай зброі, якое ўтварае склад правапарушэньня і злачынства». Актывіст прасіў правесьці праверку і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасьці. У сваім звароце ён апісваў, як выглядаў узброены непаўналетні ў відэаматэрыяле прэсавай службы Лукашэнкі.

Намесьнік начальніка ўпраўленьня Ўладзімер Рыжанкоў адпісаў актывісту, што «інфармацыя аб прыцягненьні да крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасьці за захоўваньне і нашэньне зброі — канфідэнцыйная і не падлягае распаўсюджваньню трэцім асобам».

Адказ зь міліцыі наконт 15 тысяч даляраў

Таксама Хамратаў прасіў пракуратуру разабрацца з 15 тысячамі даляраў, якія Аляксандар Лукашэнка нібыта асабіста ўзяў з рахунку дзяржаўнага прадпрыемства і перадаў апазыцыянэрцы Сьвятлане Ціханоўскай для пражываньня за мяжой. Актывіст лічыць, што такія дзеяньні варта разглядаць «як перавышэньне службовых паўнамоцтваў і злоўжываньне ўладай».

З абласной міліцыі Хамратаву адпісалі, што яму з такім пытаньнем неабходна зьвярнуцца ў органы папярэдняга сьледзтва, «у выключнай кампэтэнцыі якіх прыняцьце рашэньняў па такіх заявах».