Мэдыкаў, якіх затрымалі за «пратэст супраць затрыманьняў», асудзілі на 15 сутак

Пратэст студэнтаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, Менск, 29 кастрычніка

3 лістапада ў Маскоўскім судзе пачалі судзіць мэдыкаў, якіх затрымалі падчас акцыі салідарнасьці на праспэкце Дзяржынскага ў Менску.

Акушэра-гінэколяга 3-й гарадзкой клінічнай бальніцы Менску Станіслава Салаўя асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе незалежнае аб’яднаньне мэдыкаў «Белые халаты».

Таксама 15 сутак арышту прысудзілі Руслану Бадамшыну, лекару-нэўролягу РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі.

Суды над Дзьмітрыем Маркелавым, сасудзістым хірургам МНПЦ хірургіі, трансплянталёгіі гематалёгіі, і Яўгенам Майскім, доктарам МРТ з РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі, перанесьлі на сераду. Яны застаюцца на Акрэсьціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі ўдзельнікаў шэсьця лекараў у падтрымку адлічаных студэнтаў БДМУ

2 лістапада на праспэкце Дзяржынскага ў Менску прайшло шэсьце лекараў у падтрымку адлічаных студэнтаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Шэсьце пачалося ад будынку БДМУ, у ім удзельнічалі некалькі дзясяткаў чалавек. Хутка прыехалі сілавікі, затрымалі 9 мэдыкаў, сярод іх трох жанчын.

Затрыманыя:

  1. Якубоўскі Руслан
  2. Маркелаў Дзьмітры
  3. Маркелава Ірына
  4. Глазкін Леанід
  5. Салавей Стас
  6. Стэфановіч Вольга
  7. Цімашэнка Валерыя
  8. Бадамшын Руслан
  9. Майскі Яўген

Жанчын пасьля адпусьцілі з Маскоўскага РУУС, а мэдыкаў-мужчын перавялі на Акрэсьціна да суду.