Чыноўнікі, якія ціснуць на рабочых заводаў, студэнтаў у ВНУ рызыкуюць трапіць у пашыраны санкцыйны сьпіс. Беларусаў просяць паведамляць пра неправамерныя дзеяньні начальства на адмысловым сайце.
Ініцыятыва «Честные люди» адкрыла народны збор доказаў неправамерных дзеяньняў чыноўнікаў і кіраўнікоў. Дзеля гэтага суполка запусьціла на сваім сайце старонку «Саўдзельнікі злачынстваў». На ёй кожны пацярпелы за грамадзянскую пазыцыю можа адправіць з дапамогай адмысловай формы інфармацыю пра адказнага за ціск.
Дадзеныя апрацуюць і адправяць у праваабарончыя арганізацыі, каб далей прапанаваць пашырэньне сьпісаў пэрсанальных санкцый заходніх краін супраць вінаватых у рэпрэсіях супраць беларускага народу.
«Мы прымаем доказы ад усіх, на каго быў аказаны ціск за актыўную грамадзянскую пазыцыю, а таксама ад тых, хто стаў гэтаму сьведкай. Мэта — не пакінуць без увагі ніводнага выпадку адзінкавых рэпрэсій супраць асобы», — адзначыла лідэрка «Честных людей» Алена Жываглод.
Аўтары ініцыятывы запэўніваюць, што заяўка праз форму на сайце ананімная: дадзеныя ня будуць публікавацца ў адкрытых крыніцах. Зьвязацца з заяўнікамі для запісу паказаньняў можна будзе выключна ў выпадку іх прамога дазволу.
У кастрычніку краіны Эўразьвязу, Вялікая Брытанія і ЗША ўвялі санкцыі супраць 40 чыноўнікаў у Беларусі. Больш за сотню чалавек трапілі ў санкцыйныя сьпісы Літвы, Латвіі і Эстоніі. «Честные люди» абяцаюць скласьці пашыраны сьпіс.