Пасьля візыту санстанцыі і іншых дзяржаўных арганізацый спынілі працу шэраг устаноў харчаваньня Менску, якія не працавалі 26 кастрычніка — у першы дзень страйку, абвешчанага Сьвятланай Ціханоўскай. Сярод іх папулярныя пункты на Зыбіцкай і Кастрычніцкай вуліцах сталіцы, паведамляе Afisha.tut.by.
Пастановы дзяржаўных органаў тычацца адразу некалькіх устаноў рэстаратара Ўладзіслава Луневіча. Гэта ENZO, «Лаўка», «Дэпо», «Let it be», «Underdog» на Кастрычніцкай, а таксама «Simple» на вуліцы Сьвярдлова.
Усе бары і кавярні закрылі да ліквідацыі парушэньняў. Іх рэстаратар пералічыў у сваім Twitter: няма асобнай швабры для халадзільнай камэры, няма асобнага мерніка для сэптадэзу, у аптэчцы адсутнічалі кроплі для вачэй. З усіх праектаў бізнэсоўца ў панядзелак працуе толькі «Дэпо» на Зыбіцкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ўжо страйк не па сваёй волі». Дырэктар менскага бару расказаў, як іх закрылі пасьля непрацоўнага дня 26 кастрычніка. ВІДЭАТаксама на Кастрычніцкай і Багдановіча закрылі вэганскія кавярні «MonkeyFood». Сьпіс парушэньняў даслалі і ў бар «el Pushka». Зараз каманда актыўна працуе, каб іх ліквідаваць, і прапануе падтрымаць праект, замовіўшы ў Instagram фірмовы мэрч бара або падарункавы сэртыфікат.
Акрамя таго, з 31 кастрычніка не працуе кандытарская «Moulin» у Брылевічах і рэстаран «Бярозка» на плошчы Перамогі.
Сталічныя ўстановы, якія з розных прычынаў не працавалі ў панядзелак 26 кастрычніка, масава закрываюць рашэньнем санітарна-эпідэміялягічнай службы і Міністэрства аховы здароўя. Парушэньні знаходзяць як у маленькіх установах, так і ў вялікіх сетках. Ім выпісваюць пастановы і ўказваюць на парушэньні, якія неабходна ліквідаваць для далейшай працы.
Раней праверкі выявілі недахопы ў працы «Svobody, 4», «Post Bar», «Пересмешник», «O’Petit», «Brioche Bistro», «Umami», некаторыя абʼекты «Dominoʼs Pizza» і «Пицца Лисицца», ды іншых установаў, якія не працавалі 26 кастрычніка.