Адвакатка сябра Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай Людміла Казак паведаміла Свабодзе, што яе падабаронная цяпер знаходзіцца на карантыне ў камэры ў сьледчым ізалятары ў Жодзіне:
«Уся камэра на карантыне як кантакты першага ўзроўню. Марыя і яе сукамэрніцы ў поўнай ізаляцыі: на прагулку іх не выводзяць, на прыёмы не дапускаюць, ніхто да іх у камэру не заходзіць. І я таксама не магу яе наведаць. Я спадзяюся, што гэта скончыцца неўзабаве, у іх узялі аналізы, чакаюцца вынікі».
У камэры тры чалавекі, на ўмовы ўтрыманьня Калесьнікава ня скардзіцца. Апошні раз адвакатка бачыла Калесьнікаву 22 кастрычніка. Цяпер яна падала ў Сьледчы камітэт хадайніцтва аб вызваленьні Марыі пад заклад.
«Мы ўжо прасілі перавесьці яе пад хатні арышт — адмовілі, пад асабістае паручальніцтва — адмовілі, зараз спрабуем вызваліць пад заклад. Адказу пакуль няма. Яшчэ будзем прасіць вызваліць пад падпіску аб нявыезьдзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава адмовілася ад сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБГэтыя хадайніцтвы аргумэнтаваныя ў тым ліку тым, што шэраг іншых палітвязьняў раней вызвалілі з ізалятараў пасьля сустрэчы Лукашэнкі зь імі ў СІЗА КДБ. Калесьнікава на гэтую сустрэчу ехаць адмовілася.
Цяпер Калесьнікава, а таксама адвакат Максім Знак утрымліваюцца пад вартай у якасьці абвінавачаных па ч. 3 арт. 361 КК Беларусі (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпекі Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці).
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітвязьнямі.
Калесьнікаву затрымалі 8 верасьня на беларуска-ўкраінскай мяжы. За дзень да таго яе захапілі невядомыя ў цывільным, а потым спрабавалі гвалтам вывезьці ва Ўкраіну, але Калеснікава парвала пашпарт і пакінула аўтамабіль падчас спробы прымусовай дэпартацыі з Беларусі.
Адвакатка абскарджвае і сваё пакараньне
Сама адвакатка Людміла Казак працягвае абскарджваць сваё незаконнае затрыманьне і штраф за непадпарадкаваньне супрацоўнікаў міліцыі:
«Гэта адбірае ў мяне сілы, таму што я вымушана адцягваць увагу на шматлікія скаргі, якія я пішу і ў МУС і пракуратуру. Цяпер на цэлую гару маіх скаргаў прыйшлі скупыя адказы, у якіх пішуць, што мы вашыя скаргі разглядаць ня будзем. Усё ўпіраецца ў глухую сьцяну нежаданьня што-небудзь рабіць. Апошні нэгатыўны адказ быў з пракуратуры Менску», — паведаміла адвакатка.
Чакаецца, што неўзабаве скаргу Казак на вырак будзе разглядаць суд Менску.
25 верасьня Людмілу Казак, якая абараняе сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву, пакаралі штрафам у 675 рублёў за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Пасьля абвяшчэньня прысуду ў залі крычалі «Ганьба!»
Паводле пратаколу, 24 верасьня ў 13:55 па вуліцы Камуністычнай, 5 Людміла Казак падчас свайго затрыманьня супраціўлялася сяржанту міліцыі Іванову Івану Іванавічу: размахвала рукамі, упіралася нагамі, спрабавала ўцячы і не хацела ісьці ў аўтамабіль.