У Малдове выбіраюць прэзыдэнта: прарасейскаму Дадону супрацьстаіць празаходняя былая прэм'ер-міністарка

Ігар Дадон і Мая Санду

Выбарнікі ў Малдове з раніцы нядзелі 1 лістапада галасуюць за новага прэзыдэнта краіны. Дзейнаму прэзыдэнту Ігару Дадону, які лічыцца прарасейскім, супрацьстаяць сем кандыдатаў.

Назіральнікі мяркуюць, але галоўны супернік Дадона — Мая Санду, 48-гадовая празаходняя палітык-тэхнакрат, былая прэм’ер-міністарка Малдовы.

Каля 35 адсоткаў выбарнікаў заявілі перад днём галасаваньня, што пакуль ня вырашылі, за каго аддаць голас. У 2016 годзе Ігар Дадон перамог Маю Санду ў другім туры, набраўшы на 5% больш галасоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове два кіраўнікі і два ўрады, індыкі ля Апарату прэзыдэнта. Што адбываецца

З чэрвеня да лістапада 2019 году Санду кіравала ўрадам, пакуль Дадон ня зьняў яе. Кіраўніца ўраду ў той час спрабавала перашкодзіць Дадону паставіць офіс Генэральнага пракурора пад прэзыдэнцкі кантроль.

Абое палітыкі тады абвінавачвалі адно аднаго ў залежнасьці ад замежнай дапамогі і абслугоўваньні інтарэсаў замежных урадаў.

Участкі для галасаваньня закрыюцца ў Малдове ў 21 гадзіну мясцовага часу. Калі ніводзін з кандыдатаў не набярэ большасьці галасоў, будзе прызначаны другі тур, які пройдзе 15 лістапада.