Паводле папярэдняга падліку галасоў, кіроўная партыя «Грузінская мара» зьяўляецца лідэрам на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі. Пасьля падліку 80% бюлетэняў яна набрала больш за 48%, а яе найбліжэйшы канкурэнт, Адзіны нацыянальны рух Міхэіла Саакашвілі, набраў звыш 25 адсоткаў галасоў.
Кандыдаты ад кіроўнай партыі таксама перамагаюць у большасьці мажарытарных акруг. Усяго 120 дэпутатаў выбіраюцца паводле прапарцыйнай сыстэмы і 30 — па акругах. Апазыцыя выказала нязгоду з вынікамі галасаваньня.
Яшчэ да публікацыі афіцыйных вынікаў Міхэіл Саакашвілі заявіў пра перамогу апазыцыі. Яе кіраўнікі заклікалі грамадзян правесьці акцыю на праспэкце Руставэлі ў цэнтры Тбілісі ўвечары 1 лістапада.
Апазыцыя лічыць, што выбары былі сфальсыфікаваныя і што «Грузінская мара» «ўзурпавала ўладу». Прэс-канфэрэнцыя місіі замежных назіральнікаў чакаецца 1 лістапада.
Выбары праходзілі па новых правілах пасьля зьмены заканадаўства ў рамках дыялёгу паміж урадам і апазыцыяй.
«Грузінская мара» мільярдэра Бідзіна Іванішвілі кіруе ў Грузіі з 2012 году. Апазыцыя абвінавачвае яе, між іншым, у правядзеньні прарасейскай палітыкі, якую ўлады краіны адмаўляюць.