Француская паліцыя затрымала падазраванага ў нападзе на праваслаўнага сьвятара ў Ліёне.
Паводле пракурора, затрыманы адпавядае апісаньням сьведак. Пры ім не было зброі.
31 кастрычніка нападнік двойчы стрэліў у сьвятара грэцкай праваслаўнай царквы з паляўнічай стрэльбы, калі той зачыняў царкву. Сьвятар цяпер у шпіталі.
Прычына нападу пакуль не вядомая.
У Францыі на гэтым тыдні адбыліся яшчэ два напады.
У Ніцы мужчына напаў на базыліку Нотр-Дам і забіў двух чалавек.
У Авіньёне мужчына з нажом спрабаваў напасьці на паліцыянтаў і пагражаў мінакам. Яго застрэлілі паліцыянты.
У Саудаўскай Арабіі мясцовы жыхар напаў на ахоўніка консульства Францыі ў Джыдзе. Ахоўнік атрымаў лёгкія раненьні.
Напады адбыліся праз два тыдні пасьля жорсткага забойства непадалёк ад Парыжу настаўніка Самюэля Паці. Ён абмяркоўваў з вучнямі свабоду слова і паказаў на ўроку карыкатуры на прарока Мухамэда. Падазраваны ў забойстве — этнічны чачэнец з Масквы Абдулах Анзораў — заявіў, што «пакараў» пэдагога за абразу прарока.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон назваў напад «ісламісцкім тэрактам» і заклікаў да абароны сьвецкіх каштоўнасьцяў Францускай Рэспублікі ад радыкальнага ісламу. Заявы Макрона выклікалі абурэньне і пратэсты сярод некаторых мусульманаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Землятрус у Эгейскім моры: ёсьць загінулыя, разбурэньні ў Грэцыі і Турэччыне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежны камітэт паведаміў аб затрыманьні паблізу ўкраінскай мяжы чатырох анархістаў са зброяй і боепрыпасамі