У Грузіі 31 кастрычніка прайшлі выбары ў парлямэнт. Паводле першых вынікаў экзыт-полаў, наперадзе кіроўная партыя «Грузінская мара», але пакуль невядома, ці атрымае яна большасьць у парлямэнце.
Грузінскія тэлекампаніі публікуюць першыя вынікі экзыт-полаў пасьля закрыцьця выбарчых участкаў:
Дадзеныя экзыт-полу, праведзенага кампаніяй IPSOS на замову каналу «Мтавары архі»:
- «Грузінская мара — дэмакратычная Грузія» — 41%
- «Адзіны нацыянальны рух — Сіла ў адзінстве» (партыя Міхэіла Саакашвілі) — 33%
- «Бакрадзэ, Угулава, Бакерыя — Эўрапейская Грузія» — 5%
- «Лэло — Мамука Хазарадзэ» — 4%
- «Гіоргі Вашадзэ — Стратэгія Ахмашэнэбэлі» — 3%
- «Гірчы» (гэтая партыя выступае за легалізацыю марыхуаны) — 3%
Зьвесткі экзыт-полу, праведзенага кампаніяй Public Opinion Strategies на замову тэлекампаніі «Імэдзі»:
- «Грузінская мара — дэмакратычная Грузія» — 55%
- «Адзіны нацыянальны рух — Сіла ў адзінстве» — 23%
- «Бакрадзэ, Угулава, Бакерыя — Эўрапейская Грузія» — 3%
- «Лэло — Мамука Хазарадзэ» — 3%
- «Альянс патрыётаў» — 3%
- «Гіоргі Вашадзэ — Стратэгія Ахмашэнэбэлі» — 3%
- «Гірчы» — 3%
Паводле ЦВК Грузіі: яўка на парлямэнцкіх выбарах да 12:00 склала 19,41%. Зарэгістравана больш за 3,5 млн выбарнікаў, у тым ліку больш за 14 тысяч выбарнікаў за мяжой.
Парлямэнт 10-га скліканьня будзе абраны на тэрмін у чатыры гады. Ён будзе складацца з 150 месцаў: 120 дэпутатаў будуць абраныя паводле прапарцыйнай сыстэмы і 30 — паводле мажарытарнай. Усяго ў Грузіі было адкрыта 3 657 выбарчых участкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славаччына стала першай у сьвеце краінай, якая праводзіць ўсеагульнае тэставаньне на COVID-19