Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян раніцай 31 кастрычніка накіраваў ліст Уладзіміру Пуціну і папрасіў яго аб падтрымцы ў сувязі з ваенным канфліктам у Нагорным Карабаху.
Апошнія сутыкненьні ў Карабаху ў гэтым лісьце названыя «азэрбайджана-турэцкай ваеннай агрэсіяй супраць Нагорнага Карабаха», цытуе ліст МЗС Армэніі.
МЗС Расеі празь некалькі гадзін выпусьціла заяву ў сувязі са зваротам Пашыньяна. У ёй сказана, што падтрымка будзе аказана, калі баявыя дзеяньні пачнуцца непасрэдна на тэрыторыі Армэніі.
«У адпаведнасьці з дамовай Расея акажа Ерэвану ўсю неабходную дапамогу, калі баявыя сутыкненьні будуць перанесеныя непасрэдна на тэрыторыю Армэніі», — гаворыцца ў заяве на сайце расейскага зьнешнепалітычнага ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Армэніі заявіў пра правал чарговага пагадненьня аб спыненьні агню ў КарабахуПрэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнэтдзінаў паведаміў «Інтэрфаксу», што Ерэван пакуль не зьвяртаўся па дапамогу ў АДКБ (Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бясьпецы), куды ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
Узброены канфлікт у Нагорным Карабаху рэзка абвастрыўся ў канцы верасьня. У Азэрбайджане і Армэніі зараз уведзенае ваеннае становішча, абʼяўлена мабілізацыя. Абодва бакі паведамляюць пра забітых і параненых, у тым ліку сярод грамадзянскага насельніцтва, і абстрэлах мірных гарадоў.