Удзень 31 кастрычніка ў Горадні каля аўтавакзалу сабраліся каля 150 чалавек. Людзей затрымалі.
Гарадзенцы стаялі невялікімі групамі па абодва бакі праспэкту Касманаўтаў. Да іх падыходзілі міліцыянты і папярэджвалі, што нельга ўдзельнічаць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Побач з аўтавакзалам стаяў аўтазак і вадамёт. З аўтазаку гучна грала музыка, песьні пра бацьку, «Алеся», «Белая Русь».
Адтуль папярэджвалі па-беларуску, што мерапрыемства несанкцыянаванае.
Людзі ў цывільным закрывалі дзьверы пад’ездаў у дамах побач. Прыкладна праз гадзіну пасьля збору гарадзенцы рушылі маршам у бок «Гродна Азоту». Яны ішлі расьцягнутай калёнай, невялікімі групамі па абодвух баках праспэкту Касманатаўтаў. Людзі прайшлі прыкладна 200 мэтраў.
На паварот да крамы «Гема» падʼехалі аўтазакі і аўтобусы, выйшла 100-150 сілавікоў у чорным. Яны перакрылі праспэкт Касманаўтаў каля аўтавакзалу і каля «Гемы», а таксама праходы ў двары.
Сталі затрымліваць людзей, бегалі па дварах і выцягвалі гарадзенцаў адтуль. Затрыманьні ішлі 10-15 хвілін. Бралі і мужчын, і жанчын.
Колькасьць затрыманых невядомая.
Адначасна на Кургане Славы, які месьціцца паміж аўтавакзалам і «Гродна Азот», праходзіў праўладны аўтапрабег. Прыехалі каля 100-200 чалавек. Калі б марш дайшоў да «Азоту», то ён бы праходзіў праз Курган Славы.