Беларусь закрывае мяжу для замежнікаў з 1 лістапада ў сувязі з COVID-19. Каго не датычыць забарона?

Беларуска-польская мяжа, памежны пераход “Брузгі-Кузьніца" 30 кастрычніка.

Прэс-служба Памежнага камітэта паведаміла, што «з 1 лістапада Рэспубліка Беларусь часова прыпыняе перасячэньне мяжы на ўезд для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў аўтадарожных пунктах пропуску, пунктах спрошчанага пропуску, пунктах пропуску на чыгуначных вакзалах (станцыях), пунктах пропуску ў рачных партах праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь дзеля прадухіленьня распаўсюду інфэкцыі, выкліканай COVID-19».

Гэтае абмежаваньне не распаўсюджваецца на:

  • 1. замежных грамадзян, якія едуць па дыпляматычных і службовых пашпартах;
  • 2. кіраўнікоў і членаў афіцыйных дэлегацый;
  • 3. замежнікаў, якія аказваюць міжнародную бязвыплатную дапамогу Рэспубліцы Беларусь;
  • 4. кіроўцаў транспартных сродкаў пры выкананьні міжнародных аўтамабільных перавозак, а таксама перавозак міжнародных паштовых адпраўленьняў;
  • 5. экіпажаў суднаў унутранага воднага транспарту, цягніковых брыгад, лякаматыўных брыгад міжнародных чыгуначных зносін;
  • 6. замежнікаў, якія зьяўляюцца мужам і жонкай, бацькамі ці дзецьмі грамадзян Рэспублікі Беларусь;
  • 7. замежнікаў, якія маюць права на пастаяннае або часовае пражываньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
  • 8. замежнікаў, якія маюць дазвол на працу або пацьвярджаюць дакумэнты на ажыцьцяўленьне працоўнай дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
  • 9. замежнікаў, якія едуць у Рэспубліку Беларусь па паведамленьням пра цяжкую хваробу ці пра сьмерць блізкага сваяка;
  • 10. замежнікаў, якія ажыцьцяўляюць перавозкі ствалавых клетак, органаў для трансплянтацыі;
  • 11. грамадзян Расійскай Фэдэрацыі, якія ідуць транзытам праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у Расійскую Федэрацыю;
  • 12. замежнікаў, якія ідуць транзытам праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з Пагадненьнем паміж урадамі Беларусь і Ўкраіны аб спрошчаным парадку праезду ўчастка аўтамабільнай дарогі Славуціч — Чарнобыльская АЭС, які праходзіць па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, работнікамі, транспартнымі сродкамі і грузамі Чарнобыльскай АЭС і прадпрыемстваў, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць у зоне адчужэньня, а таксама замежнымі спэцыялістамі, прыцягнутымі да рэалізацыі міжнародных праектаў па закрыцьці Чарнобыльскай АЭС, ад 20 студзеня 2009 года.
  • На асоб, якія прыбываюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Менск, таксама не распаўсюджваецца гэтае абмежаваньне".​

Вясной 2020 году на пачатку пандэміі каранавіруса Беларусь адзіная з краін суседзяў не закрывала свае межы.