«Усе падтрымліваюць страйкоўцаў, але самі баяцца». Што адбываецца на прадпрыемствах, дзе былі забастоўкі

Амапаўцы насупраць галоўнай прахадной Менскага трактарнага заводу, архіўнае фота

За тыдзень, што прайшоў пасьля завяршэньня ўльтыматуму Сьвятланы Ціханоўскай, паведамленьні пра далучэньне да страйкаў прыходзілі з прадпрыемстваў усёй краіны. Найбольш масавымі яны былі ў Горадні, дзе баставалі рабочыя «Гродна Азоту». На суботу 31 кастрычніка ў абласным цэнтры прызначаная чарговая акцыя пратэсту рабочых гэтага прадпрыемства. Свабода сабрала зьвесткі зь іншых заводаў Беларусі, дзе на тыдні баставалі супрацоўнікі.

МТЗ

Як расказаў Свабодзе адзін з рабочых трактарнага заводу, за тыдзень актыўнасьць страйкоўцаў амаль зьнікла.

«Трох ці чатырох чалавек звольнілі за гэты тыдзень, — кажа суразмоўца. — І працягваюць. Вось літаральна ўчора падыходзіў да мяне хлопец. Перажывае, што яго таксама звольняць і ён яшчэ ў дадатак інтэрнат страціць. Яго ўжо выклікалі пісаць паперу намесьніку дырэктара. У панядзелак яму зноў ісьці да начальства, ня ведаю, што яму скажуць. Але рыхтуецца да звальненьня. Гэта ўсё праз той паход па цэхах і скандаваньне „Далучайся да забастоўкі“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: «У Беларусі склаўся вайсковы рэжым, які ўзначальвае дыктатар»

Паводле рабочага, людзі падзяляюць патрабаваньні агульнанацыянальнага страйку, аднак іх непакояць рэпрэсіі з боку кіраўніцтва МТЗ

«Хлусіць ня буду — людзі баяцца, — кажа ён. — Людзей запалохалі так, што ніхто ня робіць больш рухаў. Не пачаў працаваць на працягу некалькіх гадзінаў — прагул, і да пабачэньня. Таму людзі пакуль не бастуюць. Як працавалі, так і працуюць. Я хадзіў па цэхах, размаўляў з рабочымі. Усе падтрымліваюць страйкоўцаў, але самі баяцца зараз».

«Інтэграл»

Пра тое, што некаторыя рабочыя менскага заводу «Інтэграл» далучыліся да забастоўкі, стала вядома ў панядзелак. Як расказаў Свабодзе адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства, за тыдзень амаль усе яны былі звольненыя.

«На тыдні звальнялі рэшту з тых, хто выйшаў у панядзелак, — кажа суразмоўца. — Нават цяжка сказаць, колькі ўсяго звольнілі. Па стане на сераду было вядома пра пяць чалавек. Зараз, думаю, чалавек 10 ужо звольнена. Кожны дзень нехта новы зьяўляецца, мы ўжо самі зьбіліся з падлікаў».

Новых пратэстаў на «Інтэграле» пасьля панядзелка 26 кастрычніка не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дацэнтка Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, якая абвясьціла страйк, у турме на Акрэсьціна

БМЗ

31 кастрычніка стала вядома пра далучэньне да забастоўкі сьлесара-рамонтніка Беларускага мэталюргічнага заводу Зьмітра Дубарэнкі. Ён напісаў заяву пра забастоўку на імя гендырэктара БМЗ, у якой патрабуе спыніць ціск на тых рабочых завода, якія адкрыта выказваюць незадаволенасьць сытуацыяй у краіне, правесьці новыя выбары, вызваліць палітычных зьняволеных, а таксама аднавіць на працы тых рабочых БМЗ, якія былі звольненыя за ўдзел у забастоўцы раней.

Забастоўку Дубарэнка плянуе працягваць да моманту выкананьня ўсіх патрабаваньняў. Гэта ўжо трэці рабочы БМЗ, які абвясьціў аб страйку пасьля 26 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ўжо страйк не па сваёй волі». Дырэктар менскага бару расказаў, як іх закрылі пасьля непрацоўнага дня 26 кастрычніка. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйкам «Гродна Азоту» паведаміў пра чаканы прыезд штрайкбрэхераў