Актывістка анархісцкага руху Марына Касінерава паведаміла, што ў ноч з 28 на 29 кастрычніка былі арыштаваныя анархісты Ігар Аліневіч і Дзьмітрый Разановіч.
Пры гэтым яна дапускае, што былі і іншыя затрыманыя, імёны якіх ўдакладняюцца:
«Цяпер усе затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Дзьмітрый змог патэлефанаваць сваякам і паведаміць, што ім „шыюць“ арт. 289 „Акт тэрарызму“ і арт. 295 „Незаконны абарот зброі“ КК РБ».
Раней было вядома пра затрыманьне на ўкраінска-беларускай мяжы Ігара Аліневіча — анархіста і былога палітвязьня, які ў 2011 годзе быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі. У 2015 годзе яго памілавалі разам з астатнімі палітвязьнямі.
Пра затрыманьне ў ноч на 29 кастрычніка пры перасячэньні мяжы зь Беларусьсю памежнікі Ігара Аліневіча паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Ягоным бацькам пра гэта паведамілі з памежнага пераходу ў Ельску. Па словах спадарыні Валянціны, маці Ігара, яны з мужам доўга намагаліся даведацца пра яго далейшае месца знаходжаньня. Спачатку памежнікі казалі, што сына адправілі ў Каленкавічы, аднак у мясцовым аддзяленьні міліцыі ад камэнтароў устрымаліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На памежным пераходзе затрымалі былога палітвязьня анархіста Ігара АліневічаХто такія Разановіч і Аліневіч
Дзмітрый Разановіч — анархіст з Гомля, у 2014 годзе быў затрыманы пры пераходзе украінска-расейскай мяжы і правёў 4 месяцы ў дэпартацыйным лягеры.
Ігар Аліневіч працяглы час жыў за мяжой і ў Беларусь амаль не прыяжджаў, хоць перажываў за падзеі, якія адбываюцца ў краіне.
Ён былы палітвязень. У 2010 годзе яго затрымалі невядомыя ў Маскве і вывезьлі ў Беларусь. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. Суд Заводзкага раёну Менска пакараў актывіста 8 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле часткі 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асобаў) і частак 2 і 3 арт. 218 КК (пашкоджаньне маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам і ў асабліва буйным памеры).
У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч стаў першым ляўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтру.
А ў 2016-м уганараваны Нацыянальнай прэміяй за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча ў намінацыі «За асабістую мужнасьць».