Беларускіх студэнтаў з Польшчы не прапусьцілі празь мяжу дамоў

Беларуска-польская мяжа 30 кастрычніка

Беларускія памежнікі вечарам 30 кастрычніка не прапусьцілі дамоў шасьцёх студэнтаў-беларусаў, якія вучацца ў Польшчы, напісаў Tut.by.

Беларусам сказалі, што іх не прапускаюць у сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй.

Яны спрабавалі трапіць у Беларусь некалькі разоў на розным транспарце, але безвынікова.

«Памежнікі папярэдзілі маладых людзей, што іх чакае 10-дзённая самаізаляцыя, — сказалі ў прэсавай службе памежнага камітэту. – Як што навучэнцам належала вярнуцца ў ВНУ ўжо 4 лістапада, ім было прапанавана вярнуцца ў сумежную дзяржаву. Аднак польскі бок адмовіў студэнтам ва ўезьдзе без тлумачэньня прычынаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прымаюцца індывідуальныя рашэньні». Што адбывалася на беларуска-польскай мяжы пасьля таго, як яе закрылі і адкрылі

Адзін з студэнтаў сказаў Tut.by, што яны не вярталіся ў Польшчу, а хочуць трапіць у Беларусь.

«У мяне не пыталіся пра тое, колькі я пляную быць у Беларусі. Я еду дадому за цёплымі рэчамі і гатовы сядзець 10-дзённы карантын. Хлопцы таксама. У іх дыстанцыёнка, яны плянавалі быць дома нават даўжэй за 10 дзён».

Як вынікае з ранішняга паведамленьня БелТА, студэнты не змаглі трапіць у Беларусь і вярнуліся ў Польшчу.

29 кастрычніка беларусы сталі паведамляць, што ня могуць уехаць на тэрыторыю Беларусі. Прыкладна чатыры гадзіны мяжа была закрытая. Потым людзі ўсё ж трапілі дадому.

У Памежным камітэце тады паведамілі, што часова абмежаваны ўезд праз наземныя пераходы некаторых груп людзей, але беларусаў прапускаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З задавальньнем пакінем беларускіх студэнтаў у нас». Польшча адказала на пагрозы Лукашэнкі