Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілія Ўласава ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождь» расказала пра падрабязнасьці сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ і пра ўмовы зьняволеньня.
Была дамоўленасьць пра канфідэнцыйнасьць размовы, але паколькі іншыя ўдзельнікі пра яе расказваюць у СМІ, Уласава вырашыла таксама не маўчаць. Падаем асноўныя цытаты з размовы:
Падумала, што гэта двайнік, а не Лукашэнка
Я спачатку не паверыла, што гэта Аляксандар Рыгоравіч, што гэта прэзыдэнт прыйшоў. Я думала, што гэта двайнік, розыгрыш. Праз 10 хвілін мы ўсе сталі прыходзіць у сябе і зразумелі, што гэта прэзыдэнт, асобы, якія яго суправаджаюць. Стала зразумела, што нешта адбываецца звышнатуральнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябру прэзыдыюму КР Ліліі Ўласавай адмянілі хатні арышт і іншыя абмежаваньні
Што гаварыў пра Канстытуцыю
Аляксандар Рыгоравіч заявіў, што хацеў бы абмеркаваць новую Канстытуцыю і хацеў пачуць нашу думку, але ніхто ня быў гатовы. Віктар Бабарыка сказаў пра асноўныя палажэньні — прыватную ўласнасьць, падзел уладаў. Аляксандар Рыгоравіч стаў камэнтаваць, выказаўся супраць прыватнай уласнасьці. З таго, што я памятаю, было сказана, што прэзыдэнцкі тэрмін будзе абмежаваны двума тэрмінамі, што ён на наступных выбарах удзельнічаць ня будзе, а цяпер яму патрэбны час для рэформаў. Рэформы будуць ісьці, Канстытуцыя будзе прынятая, будуць новыя выбары. Гучаў тэрмін праз два гады, потым лета наступнага году, што тады будзе прынятая Канстытуцыя і пройдуць выбары.
Лукашэнка абяцаў працягнуць «дыялёг» у Палацы Незалежнасьці
Лукашэнка не праяўляў эмпатыі, але і не праяўляў нэгатыву. Казаў: «Я бачу, што вы любіце Беларусь гэтак жа, як і я». Размова скончылася тым, што ён сказаў, што наступны раз я вас запрашу ў Палац Незалежнасьці для працягу дыялёгу.
Не давалі піць і есьці
З чатырох з паловай гадзін 30–40 хвілін гаварылі зьняволеныя, астатні час — Аляксандар Рыгоравіч. Я ўжо пры канцы размовы амаль траціла прытомнасьць. Мяне прывезьлі ў КДБ у 6:30 раніцы, я ня выпіла ані глытка вады, нічога ня зьела. А завяршылася гэта ў 15:30. Мае калегі таксама... Усе хацелі ў туалет. Вады не было. Энэргетыка Аляксандра Рыгоравіча моцная такая, для зьнясіленых турэмным зьняволеньнем людзей гэты было моцнае выпрабаваньне.
Пра ўмовы вызваленьня Бабарыкі
Я спадзяюся, што людзей павінны вызваліць. Але ў мяне ўражаньне, што ня ўсіх, напэўна. Для Віктара Бабарыкі былі агучаныя канкрэтныя ўмовы выхаду. Я, напэўна, ня маю права гаварыць. Я думаю, што Максіма Знака павінны выпусьціць найбліжэйшым часам, а Ціханоўскага, Калесьнікаву і Бабарыку — не. Максім Знак праект Канстытуцыі напісаў, свае заўвагі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка застаецца ў СІЗА КДБ да 18 сьнежня
Пра цяжкія ўмовы зьняволеньня
За паўтара месяцы здароўе сапсавалася. Спрабую аднавіцца, пачала лячэньне. Пакуль галаўныя болі не праходзяць. Беларуская турма — жорсткае месца. Апошнія тры тыдні сядзела ў камэры, дзе 10 чалавек. Невялікі пакой, у якім усе кураць. Я не курыла і ад гэтага вельмі пакутавала. Невыносныя ўмовы існаваньня. Псыхалягічна цяжка — жанчыны плачуць, сварацца, часам бойкі адбываліся. Важна ў такой сытуацыі захаваць балянс. Паколькі я мэдыятар і знаёмая з псыхалёгіяй, я магла садзейнічаць людзям, супакойваць іх.
Гора горкае ў турмах. Тэрміны не адэкватныя дзеяньням. Я ўвогуле не разумела, за што сяджу. Я нічога не зьдзяйсьняла. Тваё гора накладаецца на іншыя, іншыя — на тваё, і ты раствараесься ў гэтым горы і нэгатыве. Адзіная думка — ня здацца, трымацца. Нават калі ціск зашкальваў, я імкнулася захаваць здаровы сэнс. У 67 гадоў я перажыла наймацнейшы стрэс.