Адразу некалькі вядомых журналістак заявілі ў сацыяльных сетках пра свой сыход з «„Комсомольской правды“ в Беларуси». Сярод іх Эвіка Ота, Вольга Івашанка, Іна Качаткова, паведамляе тэлеграм-канал Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Намесьніца галоўнага рэдактара «„Комсомольской правды“ в Беларуси» і шэф-рэдактар «Таўстушкі» Іна Качаткова напісала ў Facebook:
«Сёньня быў апошні дзень маёй працы ў „Камсамолцы“... Яшчэ пару месяцаў таму нават ня думала, што давядзецца паведамляць нешта падобнае, але 2020-ты ўсім нам паказаў, чаго вартыя нашы пляны і намеры. Ня буду распавядаць пра тое, што для мяне значыла гэтая праца — скажу толькі, што ў сьнежні было б 20 гадоў, як я працую ў «„Комсомольской правде“ в Беларуси». Амаль палова жыцьця... Так што так, гэта вельмі балюча. Але яшчэ больш балюча даюцца нейкія ўнутраныя кампрамісы, асабліва сёньня. Усім, з кім працавала гэтыя гады побач, падзякую словамі з пляката, які ў адзін зь цяжкіх дзён жніўня прымацавалі на нашым паверсе чытачы: дзякуй за праўду, дзякуй за сьмеласьць, за талент, прафэсіяналізм, за падтрымку. За ўсё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускай «Камсамолкі» новы галоўны рэдактар. Прыслалі з Расеі
31 жніўня галоўны рэдактар беларускага выпуску газэты «Комсомольская правда» Андрэй Ляўкоўскі, які кіраваў рэдакцыяй больш за 10 гадоў, быў паніжаны да першага намесьніка.
Ягонае месца заняла Марына Бунакова. Яна з Хабараўску, была там рэдактарам «KP.RU в Хабаровске». Затым працавала ў асноўным офісе расейскай «Камсамолкі» ў Маскве.