«Я выбіраю сумленьне». Выкладчык Горадзенскага ўнівэрсытэту звольніўся пасьля загаду Лукашэнкі адлічваць нязгодных студэнтаў

Сяргей Марозаў, выкладчык і фатограф з Горадні.

Вядомы горадзенскі фатограф, кандыдат гістарычных навук Сяргей Марозаў звальняецца з горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, дзе працаваў 10 гадоў.

Сяргею Марозаву 35 гадоў. Заяву на звальненьне па згодзе бакоў ён падаў самастойна.

«Немагчыма плённа і натхнёна працаваць на ніве адукацыі і навукі ва ўмовах, калі адбываецца перасьлед з мэтай дыскрэдытацыі як выкладчыка за асабістую думку, меркаваньне, адрознае ад „генэральнай лініі“; [...] калі студэнтаў і выкладчыкаў у краіне звальняюць за тое, што яны рэалізуюць сваё канстытуцыйнае права на свабоду меркаваньняў і мітынгаў; [...] калі чорнае называюць белым, а белае неіснуючым; [...]. Я выбіраю сумленьне», — напісаў у заяве гісторык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні затрымалі былую студэнтку. Яна выйшла з плякатам «У ГрДУ адлічваюць з-пад скальпэля»

Марозаў кажа, гутарак зь ім пра сыход з вучэльні кіраўніцтва не праводзіла. Напісаць заяву яго падштурхнулі дзьве рэчы. Першая — вымова на мінулым тыдні, якая датычыць навучальнага працэсу.

«Я мяркую, што яна палітычна матываваная. На навучальным партале, дзе выкладчык мае разьмяшчаць матэрыялы да лекцый і практычных, былі матэрыялы, якія яны палічылі палітычна дэструктыўнымі», — тлумачыць Марозаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здымаеш майткі да калена, два разы прысядаеш». Як прафэсар Краўцэвіч адседзеў у ізалятары

«Дэструктыўнымі» матэрыяламі аказаліся фота АМАПу трох-чатырохгадовай даўнасьці, два параўнальныя фатаздымкі з праўладнага і пратэставага шэсьцяў, на прыкладзе якіх гісторык расказваў пра якасьць, аб’ектыўнасьць, праўдзівасьць інфармацыі; а таксама — фатаздымак кнігі Mein Kampf, як прыклад таго, што яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя выкарыстоўвалі СМІ як рупар прапаганды.

Другая рэч, якая падштурхнула да звальненьня, — выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што кожны мае сам абраць свой шлях, і масавае выключэньне студэнтаў з вучэльняў.

«Я ня змог з гэтым зьмірыцца. Я іду ва ўнівэрсытэт да студэнтаў. Як ім глядзець у вочы, як праводзіць заняткі, як можна натхнёна нешта рабіць на ніве навукі?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я сышоў з пасады — і Лукашэнка сыдзе». Звольнілі рэжысэраў горадзенскага драмтэатру, якія пачалі страйк

Сваім звальненьнем Сяргей Марозаў хацеў выказаць салідарнасьць зь іншымі звольненымі выкладчыкамі і выключанымі студэнтамі. Надалей Сяргей плянуе больш часу прысьвяціць фатаграфіі.

Вядома пра двух студэнтаў, якіх з пачатку навучальнага году адлічылі з унівэрсытэту.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.