На першым энэргаблёку БелАЭС выканалі пробны пуск турбіны

Беларуская АЭС, Астравец

Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла, што на першым энэргаблёку БелАЭС пасьпяхова выкананы пробны пуск турбіны. Пра гэта інфармуе ТАСС.

«Выкананы так званы першы штуршок турбіны на магутнасьці рэактара 35%. Турбіну пракруцілі на халастым ходзе і паэтапна павялічылі колькасьць абаротаў да праектных значэньняў — 3 тысячаў абаротаў у хвіліну», — паведамілі ў прэсавай службе ведамства ў пятніцу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелАЭС атрымала дазвол на энэргапуск першага блёку. Перад тым пройдуць грамадзкія слуханьні  

У той жа час у дзяржкарпарацыі «Росатом» паведамілі, што цяпер на блёку ідзе паэтапнае падвышэньне магутнасьці турбіны да 40%, а ў бліжэйшыя дні на абсталяваньні і тэхналягічных сыстэмах будзе праведзеная сэрыя выпрабаваньняў, прадугледжаных праграмай уводу энэргаблёку ў эксплюатацыю.

«Пасьля гэтага энэргаблёк будзе ўключаны ў сетку і пачне выдаваць у адзіную энэргасыстэму Рэспублікі Беларусь першыя кіляват-гадзіны», — сказана ў паведамленьні.

У жніўні ў актыўную зону рэактара першага блёку БелАЭС загрузілі цеплавыдзяляльныя зборкі са сьвежым ядзерным палівам, што азначае пачатак фізычнага пуску станцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва пасьля пуску БелАЭС спыніць у лістападзе закупы электраэнэргіі зь Беларусі

Беларускія ўлады заяўлялі, што энэргетычны запуск БелАЭС адбудзецца 7 лістапада, а ўвод у прамысловую эксплюатацыю першага энэргаблёку БелАЭС заплянаваны на пачатак 2021 году. Паводле плянаў увод другога блёку станцыі павінен адбыцца ў 2022 годзе.