Каля турмы на Акрэсьціна затрымалі 4 журналістаў, якія прыйшлі сустракаць сваю калегу

Каля цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна ў Менску затрымалі трох журналістаў Onliner і відэаапэратара Tut.by. Яны прыйшлі сустракаць пасьля арышту журналістку Onliner Дарʼю Сьпевак.

Імёны затрыманых:

  • Улад Барысевіч (Onliner),
  • Ігар Дземянкоў (Onliner),
  • Дзяніс Жук (БелаПАН, Tut.by),
  • Аляксандар Ружачка (Onliner).

Абноўлена

Журналістаў адвезьлі ў Маскоўскі РУУС і пасьля праверкі дакумэнтаў адпусьцілі.

Дарʼя Сьпевак выйшла на волю пасьля арышту.

Дарʼю Сьпевак, Вадзіма Заміроўскага, Усевалада Зарубіна затрымалі 17 кастрычніка падчас асьвятленьня маршу студэнтаў у цэнтры Менску. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў недазволенай акцыі. Заміроўскага і Зарубіна арыштавалі на 15 дзён, Сьпевак — на 13.

Днём пазьней затрымалі Алеся Любенчука і Арцёма Маёрава — падчас «Партызанскага маршу» ў Менску. Іх асудзілі на 15 дзён арышту. Справы ўсіх журналістаў у Кастрычніцкім судзе разглядала Алена Жывіца. У той жа дзень у Берасьці затрымалі Максіма Хлябца і Рамана Чмяля (абодва — «Брестская газета»). Іх таксама пасадзілі на 15 дзён.

Ад пачатку году Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала больш за 400 выпадкаў перасьледу журналістаў за іх прафэсійную дзейнасьць. Адзначана пашкоджаньне і канфіскацыя тэхнікі, затрыманьні, зьбіваньне, страляньне гумовымі кулямі, штрафы, адміністрацыйныя арышты за «ўдзел у мітынгах» і «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі», крымінальныя справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Гэтае лета мяне разбудзіла“