У Гішпаніі расьследуюць расейскія сувязі каталёнскіх сэпаратыстаў

Дэманстрацыя прыхільнікаў незалежнасьці Каталёніі, кастрычнік 2017

Адзін з арыштаваных нядаўна лідэраў сэпаратысцкага руху сьцьвярджае, што расейскія агенты прапаноўвалі даць у распараджэньне Барсэлёны 10 тысяч салдат для ўдзелу ў ваенным канфлікце з Мадрыдам. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Згодна з матэрыяламі, пададзенымі ў гішпанскі суд, расейскія агенты прапаноўвалі вайсковую дапамогу каталёнскім сэпаратыстам у разгар няўдалай спробы ўраду Пудждэмона вывесьці рэгіён са складу Гішпаніі ў 2017 годзе. Гэтыя экстраардынарныя сьцьвярджэньні ляглі ў аснову расьсьледаваньня, распачатага судом у Барсэлёне, меркаванай сувязі паміж удзельнікамі руху за незалежнасьць Каталёніі і дэзынфармацыйнай кампаніяй, ініцыяванай Масквой для дэстабілізацыі Эўропы.

У сераду на загад судзьдзі Хаакіна Агірэ ў Барсэлёне арыштавалі 21 падазраванага ў гэтай справе, у тым ліку трох чалавек, якія ўваходзілі ў атачэньне экс-кіраўніка Каталёніі Карлеса Пудждэмона. Былы кіраўнік рэгіёну неўзабаве пасьля правалу спробы абвяшчэньня незалежнасьці Каталёніі ўцёк з Гішпаніі ў 2017 годзе. Цяпер ён жыве ў Бэльгіі і зьяўляецца дэпутатам Эўрапарлямэнту.

Тагачасны прэзыдэнт Каталёніі Карлес Пудждэмон падпісвае дэклярацыю ад незалежнасьці, 10 кастрычніка 2017

Паводле судовых матэрыялаў, адзін з падазраваных згадаў прапанову, якая нібыта паступіла яму ад нейкіх расейскіх агентаў. Расейцы прапаноўвалі даць у распараджэньне Пудждэмона 10 тысяч салдатаў для дапамогі ў тэарэтычна магчымым ваенным канфлікце з войскам Гішпаніі. Прапанова так і не была рэалізаваная.

«Расейскае ўмяшаньне як геапалітычная стратэгія фактычна пачалося восеньню 2017 году, калі расейцы сталі распаўсюджваць фэйкавыя навіны і дэзынфармацыю», — гаворыцца ў рашэньні судзьдзі Агірэ, які спаслаўся на публікацыю ў інтэрнэце матэрыялаў у падтрымку каталёнскіх сэпаратыстаў, якія распаўсюджваюцца расейскімі навіновым плятформамі.

У 2017 годзе гішпанскі ўрад абвінаваціў Расею ва ўмяшаньні ў каталёнскі канфлікт — расейскія афіцыйныя асобы гэтыя абвінавачаньні нязьменна адмаўлялі.

Амбасада Расеі ў Мадрыдзе зрабіла рэтвіт рашэньня барсэлёнскага судзьдзі, суправадзіўшы яго зьедлівым камэнтаром: «Увага: інфармацыя, якая зьявілася ў гішпанскіх СМІ аб прыбыцьці ў Каталёнію 10 тысячаў расейскіх салдатаў, зьяўляецца няпоўнай. Да ліку салдат трэба дадаць два нулі, і самае дзіўнае з усёй гэтай змовы: войскі павінны быць перакінутыя на самалётах „Муха“ і „Чата“, сабраных у Каталёніі падчас грамадзянскай вайны і схаваных у бясьпечным месцы ... да атрыманьня праз гэтыя публікацыі зашыфраванага загаду дзейнічаць».

Хоць расьсьледаваньне тычыцца падзеяў трохгадовай даўнасьці, якія пагражалі разбурыць адну з найбуйнейшых эканомік Эўропы, яно можа паўплываць на цяперашнюю складаную палітычную сытуацыю ў Гішпаніі.

Левы кааліцыйны ўрад Гішпаніі залежыць ад каталёнскай сэпаратысцкай партыі «Левая рэспубліка Каталёнія» (Esquerra Republicana de Catalunya, ЕRC) для працягу перамоваў аб прыняцьці бюджэту на 2021 год. Пасьля пандэміі COVID-19 гэты бюджэт мае вырашальнае значэньне для фінансаваньня аднаўленьня краіны.

«Відавочна, што ўрад Гішпаніі не зацікаўлены ў пошуку рашэньня канфлікту з Каталёніяй», — сказаў «Голасу Амэрыкі» Рауль Мурса, прадстаўнік ERC.

Рэгіянальныя выбары ў Каталёніі заплянаваныя на люты. Згодна зь нядаўнімі апытаньнямі, сэпаратысцкія партыі, хутчэй за ўсё, атрымаюць большасьць, але ня больш за 50% галасоў выбарнікаў.

Расьсьледаваньне таксама вядзецца ў дачыненьні да меркаванага неправамернага выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў для падтрымкі сэпаратысцкага руху ў Гішпаніі, а таксама меркаванай актыўнай ролі Расеі ў кампаніях па распаўсюду дэзынфармацыі з мэтай дыскрэдытацыі Мадрыду.

Арыштаваным прад’явілі абвінавачаньні ў крадзяжы і адмываньні сродкаў.

У ходзе сьледзтва высьветлілася, што грошы, прызначаныя для фінансаваньня адміністрацыі правінцыі Барсэлёна, якая ўваходзіць у склад Каталёніі, а таксама рэгіянальнай арганізацыі, якая падтрымлівае разьвіцьцё спартовых камандаў, былі незаконна выкарыстаныя не па прызначэньні. Гішпанскі ўрад паведаміў пра гэта пасьля нядаўніх арыштаў.

Адзін з арыштаваных сэпаратыстаў — Арыёль Салеры, мэдыявыдавец, якога лічаць адным зь вядучых стратэгаў сэпаратысцкага руху.

Салеры знаходзіцца пад сьледзтвам па абвінавачваньні ў тым, што ён нібыта сустракаўся з расейскімі прадстаўнікамі і заснавальнікам WikiLeaks Джуліянам Асанжам, калі той шукаў прытулку, знаходзячыся ў амбасадзе Эквадору ў Лёндане, каб папулярызаваць ідэі сэпаратызму і дыскрэдытаваць Гішпанію на міжнародным узроўні.

Джуліян Асанж

У апублікаваным судовым дакумэнце гаворыцца, што меркаваная сустрэча Салеры і Асанжа ў верасьні 2017 году адбылася з мэтай распрацоўкі «стратэгіі дэзынфармацыі і дэстабілізацыі, у якой таксама ўдзельнічаў Крэмль... Галоўным пасланьнем кантраляваных Крамлём інфармацыйных агенцтваў было сьцьвярджэньне аб тым, што Эўразьвяз знаходзіцца на мяжы краху».

Бэнэт Салелас, адвакат Салеры, заяўляе аб невінаватасьці яго кліента і «асуджае выкарыстаньне сыстэмы правасудзьдзя для барацьбы з рухам за незалежнасьць Каталёніі».

Пытаньне аб незалежнасьці раскалола 7,5 мільёна жыхароў рэгіёну. Падчас нядаўняга сацапытаньня, праведзенага рэгіянальным урадам у гэтым месяцы, 46,3% каталёнцаў выступілі супраць аддзяленьня ад Гішпаніі, а 45,5% падтрымалі незалежнасьць рэгіёну.