«Сядуць усе». У Горадні прайшла «Ноч нерасстралянай паэзіі». ФОТА

Гарадзенцы ўшанавалі памяць забітых падчас сталінскіх рэпрэсій. Увечары 29 кастрычніка ў Цэнтры гарадзкога жыцьця артысты паказалі, як маглі выглядаць суды над беларускімі паэтамі ў 1937 годзе.

Тодар Кляшторны, Юлі Таўбін, Алесь Дудар, Юрка Лявонны, Ізі Харык, Міхась Чарот, Анатоль Вольны і яшчэ больш за сотню прадстаўнікоў інтэлігенцыі былі забітыя ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Горадзенскія артысты зрабілі пастаноўку з судом-тройкай, дзе паказалі, як маглі выглядаць апошнія гадзіны паэтаў і літаратараў. Акторы чыталі вершы сваіх пэрсанажаў. Судзьдзі кожнаму выносілі прысуд — расстраляць.

«Дубоўка яшчэ ў 30-х казаў: „Сядуць усе“», — зазначыў адзін з актораў.

Ролі выконвалі ў тым ліку звольненыя нядаўна артысты горадзенскага драмтэатру — Сяргей Курыленка, Валянціна Харытонава, Натальля Лявонава. Калі ў пастаноўцы «судзілі» дырэктара тэатру Алеся Ляжневіча, адзін з судзьдзяў прамовіў: «Ведалі мы аднаго дырэктара тэатру». У залі засьмяяліся.

Такую сустрэчу, ужо традыцыйную для Менску, зладзілі ў Горадні ўпершыню. На яе прыйшлі каля сотні чалавек. У памяшканьні прысутнічалі «людзі ў цывільным». Перад імпрэзай да Цэнтру гарадзкога жыцьця пад’ехаў міліцэйскі «УАЗік» і стаяў, пакуль усе не разышліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах на фоне новых рэпрэсіяў