Ва ўрочышчы Курапаты прайшла Ноч расстраляных паэтаў. Сёлета гэтае традыцыйнае ўшанаваньне памяці ахвяраў адбывалася ва ўмовах масавых пратэстаў беларусаў супраць фальсыфікацыі выбараў і жорсткіх рэпрэсіяў з боку ўладаў.
Некаторыя заўсёдныя удзельнікі гэтай імпрэзы сёньня адсутнічалі, бо застаюцца за кратамі, сярод іх літаратары Павал Севярынец і Дзьмітры Строцаў.
Некалькі дзён таму быў затрыманы і арганізатар імпрэзы - Зміцер Дашкевіч. Арганізацыю ўзяла на сябе дасьледчыца беларускай літаратуры, пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец.
Фармат сёньняшняга мерапрыемства адрозьніваўся ад папярэдніх. Вершы расстраляных паэтаў чыталі ня толькі літаратары, але і спартоўцы, і мэдыкі, і акторы, і журналісты, і прадстаўнікі страйкамаў. Таксама ў сьпіс расстраляных, які зачытваецца кожны раз перад «Ноччу паэтаў», далучылі тых, хто загінуў на сёлетніх пратэстах.