Чаканага дыялёгу студэнтаў-мэдыкаў з адміністрацыяй БДМУ у чацьвер не адбылося. Рэктар да студэнтаў ня выйшаў. Але студэнты дамагліся, каб у прапанаваную прарэктарам ініцыятыўную групу для дыялёгу з кіраўніцтвам уключылі двух выкладчыкаў і двух студэнтаў.
«Чаму вы самі сябе выбралі? Дзе дэмакратыя?»
У БДМУ ў сераду было адлічана больш за два дзясяткі студэнтаў зь лячэбнага, пэдыятрычнага і фармацэўтычнага факультэтаў. Копіі загаду на рукі ня выдалі. На думку многіх студэнтаў, адлічылі несправядліва, зь дзіўнай фармулёўкай «за зрыў вучэбнага працэсу», хоць на занятках 26 кастрычніка многія з адлічаных прысутнічалі.
Раніцай студэнты правялі адзіночныя сядзячыя акцыі пратэсту, наклеілі паперкі з імёнамі адлічаных на дзьверы дэканату.
Меркавалася, што а 16-й гадзіне адбудзецца сустрэча студэнтаў з кіраўніцтвам. У вэстыбюлі сабралася каля дзьвюх соцень чалавек. Рэктар да студэнтаў так і ня выйшаў.
Праўда, з прысутнымі сустрэліся прарэктар па выхаваўчай працы Віктар Маркаўцан і «ініцыятыўная група студэнтаў» — менавіта так прадставіла некалькіх чалавек студэнтка 2-га курсу пэдыятрычнага факультэту Тацяна Васюніна. Яна запэўніла: ёсьць дамоўленасьць, што ў пятніцу а 15-й гадзіне адбудзецца сустрэча гэтай ініцыятыўнай групы з кіраўніцтвам.
«Разгалошваць, пра што мы будзем гаварыць заўтра з адміністрацыяй, мы ня будзем, бо гэта наша калектыўная праца нашай ініцыятыўнай групы. Пазьней мы агучым тэзісы», — пачала Тацяна.
Аднак яе вельмі гучна перапынялі. Пыталіся: «Вас выбрала адміністрацыя?», «Чаму вы самі сябе выбралі? Дзе дэмакратыя?»
«Я і гэтыя людзі таксама нязгодныя з тым, што адбываецца. Учора мы сядзелі на першым паверсе, да нас падышоў прарэктар па ідэалягічнай працы і прапанаваў правесьці дыялёг у больш цывілізаванай форме ў рэктараце ў іншы час. Я сказала, што мы гатовыя весьці дыялёг і што гэтыя студэнты ўвойдуць у ініцыятыўную групу. Мы дадалі ў ініцыятыўную групу чалавека, які трапіў у сьпіс адлічаных. Я вас запэўніваю, гэта ніякія не падстаўныя асобы. Мы студэнты», — тлумачыць Тацяна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнты 9 беларускіх ВНУ далучыліся да агульнанацыянальнага страйку і пратэстаў. ВІДЭААктывістка доўга пераконвала, што ініцыятыўная група прадстаўляе інтарэсы ўсіх студэнтаў. Дарэчы, у складзе групы адлічаная актывістка Яна Зябко. Тацяну Васюніну зноў перапыняюць.
«У апошнія паўгода людзям не падабаецца, калі хтосьці сам сябе выбірае», — кажа студэнтка пад воплескі і сьмех у вэстыбюлі.
Раздаюцца галасы: «Мы таксама хочам, каб на сустрэчы былі і нашы прадстаўнікі».
Тацяна працягвае, што, маўляў, дадаць людзей можна, але «гэта можа ператварыцца ў балаган», «мы ведаем што адказваць, мы патрацілі ноч, я ня спала 44 гадзіны, мы працавалі».
«Калі б рэктар Рубніковіч хацеў дыялёгу, ён бы не пачаў з адлічэньняў»
Студэнты запатрабавалі онлайн-трансьляцыю заўтрашняй сустрэчы. Прарэктар па выхаваўчай працы доўга не пагаджаўся.
«Мы ня хочам выносіць гэта, ёсьць асабістыя моманты. Мы сёньня сустракаліся і са студэнтамі, і з бацькамі. Ня ўсе хочуць публічнасьці», — аргумэнтаваў сваё нежаданьне весьці онлайн-трансьляцыю ці хаця б запіс.
Студэнты працягвалі настойваць на запісе. І зноў выказвалі свой сумнеў, што ў пятніцу сапраўды адбудзецца дыялёг.
«Калі б рэктар Рубніковіч хацеў дыялёгу, ён бы не пачаў з адлічэньняў», — кажа студэнтка.
«У верасьні мы спрабавалі весьці дыялёг. Учора студэнты пыталіся ў рэктара — за што адлічылі, некаторыя былі на парах. І выкладчык пацьвярджаў, што студэнт быў на занятках. А рэктар сказаў: „Зьвяртайцеся пісьмова“. Можа, вы спачатку аднавіце студэнтаў, а потым будзе дыялёг?», — пытаецца малады чалавек.
Другі студэнт задае канкрэтнае пытаньне: «Павал Віктаравіч, вы сказалі, што правялі гутарку з адлічаным студэнтам, які быў на парах. Ён адноўлены?»
Прарэктар адказвае, што не адноўлены. А адлічаны «не за пропускі заняткаў, а за зрыў вучэбнага працэсу».
Студэнты сьмяюцца.
У ініцыятыўную групу дададуць двух выкладчыкаў і двух студэнтаў
Пасьля доўгіх абмеркаваньняў і сутычак прыйшлі да кампрамісу — дадаць ў ініцыятыўную групу яшчэ пару назіральнікаў.
«Людзі, якіх дададуць, будуць назіральнікамі, каб не ламаць схему», — цьвёрда настойвала на сваім Тацяна Васюніна.
«У апошнія паўгода людзям не падабаецца, калі хтосьці сам сябе выбірае», — раздаўся голас з натоўпу.
Студэнты пачалі пляскаць у ладкі і сьмяяцца.
Нарэшце па выніку дамагліся, што ў ініцыятыўную групу ўключаць яшчэ двух студэнтаў і двух выкладчыкаў. Тут убачылі, як падышоў Уладзімер Пікірыня, які працуе на катэдры псыхіятрыі. Пачалі пляскаць, адразу прапанавалі яго і яшчэ аднаго выкладчыка з катэдры анэстэзіялёгіі.
У гэты момант раздаўся ўстрывожаны голас: «Чаму каля ўваходу стаяць аўтазакі і бусікі?» — пытаецца студэнтка. Прарэктар адказаў, што ня ведае. І запэўніў, што ніхто студэнтаў не кране — ён асабіста іх правядзе.
Нарэшце вырашылі, што яшчэ два студэнты будуць абраныя назіральнікамі шляхам галасаваньня. Было прапанавала 6 кандыдатур, сярод іх адлічаны — Улад Жыдоўчыц. Галасаваньне адбудзецца ў чаце тэлеграм-каналу «Рупар БДМУ».
Дамагліся ўрэшце, што будзе зроблены відэазапіс сустрэчы. Прарэктар доўга супраціўляўся і пярэчыў, аднак студэнты аказаліся настойлівымі.
Да агучваньня абяцаных тэзісаў справа так і не дайшла