Вядомы дырыжор Вячаслаў Воліч выказаў салідарнасьць са звольненымі артыстамі Опэрнага тэатру. Ён заявіў, што бліжэйшым часам не плянуе вяртацца ў Беларусь, бо баіцца за ўласную бясьпеку, піша Tut.by.
Напярэдадні ў эфіры тэлеканалу СТБ прапагандыст Рыгор Азаронак паказаў ананімны ліст, у якім Вячаслаў Воліч, звольненыя дырыжор Андрэй Галанаў, сьпявак Ільля Сільчукоў і загадчыца трупы Натальля Акініна былі названыя «апазыцыйнай групай».
Нібыта яны спрыялі акцыі, якая прайшла ў тэатры 27 кастрычніка — тады перад спэктаклем прагучаў духоўны гімн «Магутны Божа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля акцыі салідарнасьці з Опэрнага звольнілі дырыжора, першую скрыпку аркестру, скрыпачку і альтыстку«Рады апынуцца сярод паважаных калегаў, але лічу гэтую інфармацыю нічым не пацьверджаным паклёпам. У тэатры няма ніякага расколу, розныя погляды не перашкаджаюць артыстам разам выходзіць на сцэну», — сказаў Вячаслаў Воліч.
Яшчэ 24 кастрычніка дырыжор зьехаў ва Ўкраіну. З улікам цяперашніх абставінаў вяртацца ў Беларусь ён пакуль не зьбіраецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пэўныя прыхаджане бачаць у гімне „Магутны Божа“ нэгатыўныя палітычныя канатацыі», — прадстаўнік БПЦ«З тэатрам я супрацоўнічаю паводле дамовы. Плянаваў вярнуцца, але ня буду гэтага рабіць, пакуль не атрымаю гарантыі бясьпекі. Калі ў эфіры дзяржаўнага каналу зьяўляецца такая інфармацыя, ёсьць рызыка, што чалавекам зацікавяцца праваахоўныя органы. А ў мяне выступы ў іншых краінах, ня хочацца нікога падводзіць».
Пры гэтым Вячаслаў Воліч выказаў салідарнасьць са звольненымі калегамі.
«Я цалкам салідарны з маімі калегамі, якія выказалі сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў краіне. Гэта мужны ўчынак. У іх дзеяньнях няма ніякай палітыкі. У грамадзтве павінны быць розныя пункты гледжаньня. Любое разьвіцьцё грамадзтва немагчымае без кансэнсусу. Рэпрэсіі толькі паказваюць слабасьць улады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славуты опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў выпусьціў кліп на хрысьціянскі гімн «Магутны Божа»Паводле творцы, ён ня зможа стаць за дырыжорскі пульт у Опэрным тэатры, пакуль ня будуць адноўленыя бязьвінна рэпрэсаваныя калегі — галоўны канцэртмайстар Рэгіна Саркісава, сьпявак Ільля Сільчукоў, дырыжор Андрэй Галанаў.