Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім заявіў, што беларускія памежнікі робяць усё, каб прадухіліць уезд на тэрыторыю Беларусі грамадзян Украіны, Літвы і Польшчы.
«Улічваючы, што пратэставыя акцыі ў Беларусі трываюць ужо васьмідзясяты дзень запар, памежнікі і іншыя спэцслужбы робяць захады, каб не дапусьціць уезду ў Беларусь людзей з трох суседніх краін, а менавіта Літвы, Польшчы і Ўкраіны», — заявіў Ігар Кізім у этэры hromadske.radio.
На думку дыплямата, гэта сьведчыць пра тое, што беларуская ўлада працягвае разглядаць Украіну як вонкавую пагрозу.
«Усё гэта беспадстаўна, але камусьці гэта трэба, каб апраўдаць жорсткія дзеяньні супраць пратэстоўцаў», — мяркуе Ігар Кізім.
У той жа час міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба на брыфінгу ў Кіеве паведаміў, што яму нічога невядома пра існуючую для ўкраінцаў забарону на ўезд у Беларусь, але паабяцаў высьветліць сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дужыя маладзёны спартыўнага целаскладу»: памежнікі за тыдзень адмовілі ва ўезьдзе ў Беларусь 595 замежнікам
Пасьля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі краіны Эўразьвязу і шэраг іншых — у тым ліку Літва, Польшча і Ўкраіна — заявілі, што ня лічаць яго ўступленьне на пасаду законным і ня лічаць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам.
Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што пратэставымі акцыямі кіруюць «лялькаводы» з заходніх краін, і найперш называў Літву, Польшчу і Ўкраіну.