Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган падаў у сваёй краіне пазоў на францускі часопіс Charlie Hebdo, які апублікаваў карыкатуру на Эрдагана. Пракуроры Турэччыны могуць распачаць крымінальную справу паводле заявы яго адваката. Пра гэта паведамляе агенцтва «Анадолу».
Паводле адваката, публікацыя часопіса зьяўляецца паклёпам, які караецца крымінальна. Публікацыя, лічыць ён, «ня мае ніякага дачынення да свабоды выказваньня думак». Акрамя таго, пракуроры ўжо пачалі расьсьледаваньне паводле артыкулу аб абразе прэзыдэнта.
Charlie Hebdo апублікаваў карыкатуру на Эрдагана на вокладцы ў сераду. На ёй напаўапрануты Эрдаган сядзіць у крэсле з келіхам напою ў руцэ, а другой рукой падымае падол жанчыне ў ісламскай сукенцы і ўсклікае: «Ох, Прарок!» Подпіс да карыкатуры абвяшчае: «Эрдаган ў прыватным жыцьці вельмі гульлівы».
Публікацыя ў Charlie Hebdo зьявілася на тле крызісу ў адносінах паміж Парыжам і Анкарой пасля забойства школьнага настаўніка Самюэля Паці. Выкладчык, абмяркоўваючы з вучнямі свабоду слова, паказаў на ўроку карыкатуры на прарока Мухамэда. 16 кастрычніка яго забілі і абезгаловілі.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон назваў напад «ісламісцкім тэрактам», заявіў, што іслам знаходзіцца ў стане крызісу, і заклікаў да абароны сьвецкіх каштоўнасьцяў Францускай Рэспублікі. Пасля гэтага Эрдаган абвінаваціў Макрона ў ісламафобіі, назваў яго «хворым» і параіў «абсьледавацца на прадмет яго псыхічнага стану». Парыж адклікаў амбасадара з Анкары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ісламісты атакавалі сайты ў Францыі пасьля заяваў Макрона. Муфтый Чачэніі назваў яго «тэрарыстам нумар 1»
Улады Турэччыны асудзілі публікацыю карыкатуры, назваўшы яе спробай «распаўсюдзіць культурны расізм і нянавісьць».