28 кастрычніка ў 3 гадзіны 30 хвілін у Мазыры невядомы падышоў з тыльнага боку да адміністрацыйнага будынку ДАІ Мазырскага РАУС, разьбіў шыбу на першым паверсе і кінуў унутр памяшканьня бутэльку з запальнай вадкасьцю, паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.
Адзін пакой выгараў, пацярпелых няма. Заведзена крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Як паведамляе МУС, у выніку пажару ў кабінэце, дзе месьціцца добраахвотная народная дружына, пашкоджаны сьцены, падлога, падвоканьне і офісная тэхніка. Таксама з вонкавага боку будынку на сьцяне пад пабітай шыбай фарбай напісалі «Возмездие!» («Адплата!»)