Новыя абмежаваньні, уведзеныя ўрадам Італіі для стрымліваньня росту захворваньня каранавірусам, прывялі да акцый пратэсту па ўсёй краіне. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Прынамсі ў двух гарадах на поўначы краіны, у Міляне і Турыне, адбыліся ўспышкі гвалту.
Па словах відавочцаў, некалькі дарагіх крамаў у цэнтры Турыну, у тым ліку крама фірмы Gucci, былі разрабаваныя, калі натоўпы маладых людзей выйшлі на вуліцы пасьля наступленьня цемры.
Пры спробе аднавіць парадак у горадзе паліцыя ўжыла сьлезацечны газ.
Сутыкненьні таксама адбыліся ў Мілане — адным з найбольш пацярпелых ад пандэміі гарадоў Італіі.
Урад Італіі пастанавіў, што бары і рэстараны павінныя зачыняцца не пазьней за 18:00, таксама прыпыненая праца грамадзкіх спартовых заляў, кінатэатраў і басэйнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі загадалі насіць маскі ў грамадзкіх месцах