У Францыі ў ноч на 27 кастрычніка дзясяткі сайтаў зазналі хакерскія атакі ісламістаў, паведамляе AFP.
На сайтах, у тым ліку раённых упраў, зьявіліся лёзунгі, якія заклікаюць да перамогі ісламу і прарока Мухамэда і сьмерці Францыі, а таксама выявы прэзыдэнта краіны Эманюэля Макрона ў выглядзе сьвіньні.
Нагодай для нападу сталі выказваньні Макрона пра забойства настаўніка Самюэля Паці, які паказаў на ўроку карыкатуры на прарока.
Макрон назваў загінулага выкладчыка «ціхім героем», а сам напад «ісламісцкім тэрактам». Выступаючы 23 кастрычніка на жалобнай цырымоніі ў памяць пра забітага настаўніка, прэзыдэнт Францыі заявіў, што іслам знаходзіцца ў стане крызісу, і заклікаў да абароны сьвецкіх каштоўнасьцяў Францускай Рэспублікі ад радыкальнага ісламу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя адклікала пасла з Турэччыны, Эрдаган зноў зьняважліва выказаўся пра Макрона
Заявы Макрона пра іслам выклікалі абурэньне ў шэрагу краін Блізкага Ўсходу. Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган параіў Макрону «лячыць псыхіку».
Муфтый Чачэніі і дарадца кіраўніка Чачэнскай рэспублікі Салах-Хаджы Межыеў назваў прэзыдэнта Францыі «тэрарыстам нумар 1» і «ворагам усіх мусульман». Яго заяву апублікавалі ў Інстаграме Духоўнай управы мусульман Чачэніі. У заяве муфтый асуджае акцыі памяці забітага выкладчыка Самюэля Паці, падчас якіх на ўрадавых будынках у Францыі дэманстраваліся карыкатуры на прарока Мухамэда. «Вы сваімі рукамі распальваеце міжнацыянальную і міжрэлігійную варожасьць! Бачу, як вы наўмысна падбухторвалі мусульман на правакацыйныя дзеяньні, зрабіўшы вар’ята-прафэсара «нацыянальным героем», — гаворыцца ў заяве муфтыя Чачэніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забітага за ўрок свабоды слова францускага настаўніка ўзнагародзяць ордэнам Ганаровага легіёну
- Увечары 16 кастрычніка выхадзец з Расеі, 18-гадовы чачэнец Абдулаг Анзораў адрэзаў галаву 47-гадоваму Самюэлю Паці — настаўніку школы ў францускім мястэчку Конфлан-Сэнт-Онарын ў прыгарадзе Парыжу. Дзесяць гадоў таму Абдулаг Анзораў прыехаў у Францыю з бацькамі, якія атрымалі статус уцекачоў.
- У дзень забойства Анзораў паведаміў у сацсетках, што ён пайшоў на злачынства пасьля таго, як настаўнік правёў у школе ўрок аб свабодзе слова для вучняў ва ўзросьце 12-13 гадоў і расказаў ім пра карыкатуры на шанаванага ў ісламе прарока Мухамэда. Нягледзячы на тое, што настаўнік прапанаваў выйсьці з клясы падчас гэтага ўроку ўсім вучням, якія вызнаюць іслам, Азораву не спадабалася сама пастаноўка пытаньня аб тым, што Мухамэд можа быць аб’ектам карыкатур. Таму Анзораў, паводле ягоных словаў, вырашыў адпомсьціць за прарока.