У менскай гімназіі № 50 абверглі зьвесткі з чатаў пра тое, што дырэктарку гімназіі звальняюць, а настаўнікаў выклікаюць у Міністэрства адукацыі за ўдзел у відэазвароце.
Настаўнікі гімназіі запісалі відэазварот, у якім запатрабавалі спыненьня гвалту, вызваленьня палітзьняволеных, аднаўленьня на працы звольненых з палітычных матываў выкладчыкаў і адлічаных студэнтаў на вучобе.
Дырэктарка гімназіі Элеанора Кітуновіч сказала, што не зьбіраецца даваць ніякіх камэнтароў.
«Але магу сказаць, што ніякіх рэпрэсій супраць настаўнікаў, калектыву і мяне асабіста няма», — сказала яна.
Выпускнікі гімназіі апублікавалі адкрыты ліст у падтрымку настаўнікаў гімназіі № 50.
«Мы, выпускнікі гімназіі № 50, выказваемся супраць гвалту, прававога дэфолту і абмежаваньня базавых чалавечых правоў і свабодаў, тым самым далучаючыся да сказанага вамі, — гаворыцца ў лісьце. — Мы ганарымся тым, што гэтага патрабуюць нашы настаўнікі».
Пра тое, што дырэктарку гімназіі № 50 Менска Элеанору Кітуновіч выклікалі ў Міністэрства адукацыі з нагоды відэазвароту да калегаў і беларускага народу, які запісалі настаўнікі навучальнай установы, паведамілі бацькі школьнікаў гімназіі. Ад кіраўніцы нібыта запатрабавалі зьвесткі пра пэдагогаў, якія ўдзельнічалі ў стварэньні роліку.