26 кастрычніка адбыўся канцэрт аркестру пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінбэрга ў Купалаўскім тэатры. Аншлягу не было, прыйшлі каля дзясятка гледачоў.
Сёньня плянуецца даць другі з заплянаваных там 10 канцэртаў.
«Канцэрт прайшоў на надзвычай высокім узроўні. Цудоўны канцэрт, бо ў Купалаўскім тэатры працуюць цудоўныя артысты. Я іх усіх раней ведаў, многіх няма ў жывых. Гэта цудоўныя людзі і сапраўдныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Наш канцэрт прайшоў пры падтрымцы шматлікіх слухачоў, і галоўнае, было цудоўнае выкананьне тых музыкаў, якія працуюць у нашым калектыве», — расказаў Tut.by пасьля канцэрту Міхаіл Фінбэрг, кіраўнік аркестру.
Пры гэтым у тэлеграм-канале @motolkohelp зьявілася фатаграфія, зробленая падчас канцэрту. На ёй відаць лічаная колькасьць людзей. Суразмоўца паведаміў адміністратару каналу, што налічыў у зале восем чалавек. Адзін з супрацоўнікаў Купалаўскага тэатра назваў Tut.by іншую лічбу — 11 чалавек.
Былы дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка назваў падобныя канцэрты на гэтай сцэне «танцамі на касьцях», паколькі з тэатру звольненая большая частка трупы і спэктаклі там не ідуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Еднасьці гэта не дадасьць». Кіраўнік хору імя Цітовіча пра канцэрты ў Купалаўскім