У Менску судзяць Зьмітра Дашкевіча, ягоныя скаргі на катаваньне ў карцэры судзьдзя ігнаруе

Зьміцер Дашкевіч на акцыі «Ноч расстраляных паэтаў» 29 кастрычніка 2019 году.

У Маскоўскім раённым судзе Менска 27 кастрычніка працягваецца суд над былым старшынём «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам.

Судзьдзя Тацяна Матыль адмовілася разглядаць яго хадайніцтва аб умовах утрыманьня ў ізалятары на Акрэсьціна.

«Знаходжуся ў карцэры, тут на ноч не падымаюць ложак, не выдаюць бялізны. У суседніх камэрах тое самае. Гэта катаваньне», — заявіў Зьміцер Дашкевіч. Суд ідзе праз Skype.

Зьміцер Дашкевіч быў затрыманы 25 кастрычніка падчас нядзельнага Маршу. Ён адзін з арганізатараў акцыі Ноч расстраляных паэтаў, якая традыцыйна ладзіцца ў Курапатах 29 кастрычніка.

Зьміцер Дашкевіч на судзе яшчэ раз патлумачыў, чаму скардзіцца.

«Што такое карцэры ІЧУ? Гэта як зайсьці ў туалет, зрабіць па патрэбе і легчы на бэтонную падлогу побач. І гэтак 15 ці 30 дзён. У турме ці ў калёніі хоць даюць на ноч матрац, тут і гэтага няма. Што гэта, як не катаваньні?».

Ён заявіў таксама, што яму не даюць вады. Але судзьдзя Матыль зноў адмовілася разглядаць скаргу Дашкевіча на ўмовы ў ізалятары, сказаўшы, што гэта ня мае дачыненьня да справы.