Мэдыкі РНПЦ «Кардыялёгія» Алег Паланецкі і Ўладзімер Андрушчук, якіх затрымалі ў Менску каля станцыі мэтро «Грушаўка» за ўдзел у акцыі пратэсту, выйшлі з РУУС.
На іх склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 за ўдзел ў несанкцыянаванай акцыі.
27 кастрычніка раніцай у ланцугу салідарнасьці на праспэкце Дзяржынскага ў Менску затрымалі сем мэдыкаў РНПЦ «Кардыялёгія».
Сёньня раніцай перад працай мэдыкі РНПЦ «Кардыялёгія» выйшлі на ланцуг салідарнасьці на праспэкце Дзяржынскага — гэта недалёка ад самога РНПЦ. Па словах лекараў, іх там было 20-25 чалавек.
У нейкі момант да прысутных пад’ехалі мікрааўтобусы, частка мэдыкаў пасьпелі ўцячы і схавацца ў пераходзе.
Затрымалі загадчыка рэнтгенаапэрацыйнай РНПЦ «Кардыялёгія» Алега Паланецкага, якога называюць унікальным доктарам. Таксама затрымалі кардыёхірурга РНПЦ Уладзіміра Андрушчука, загадчыцу аддзяленьня кампутарнай тамаграфіі Ірыну Гайдэль, хірурга Максіма Цыбульскага, анэстэзіёлагаў-рэаніматолягаў Андрэя Бурага, Дзьмітрыя Чуклая і Яўгена Палойку.