Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі выступіла з заявай па выніках першага дня анансаванай экс-кандыдатам у прэзыдэнты Сьвятланай Ціханоўскай агульнанацыянальнага страйку.
«АМАП ня мае права заходзіць на заводы. АМАП ня мае права заходзіць ва ўнівэрсытэты. АМАП ня мае права біць грамадзян», — гаворыцца ў дакумэнце.
Рада адзначае, што «79 дзён беларусы мірна даказваюць сваё імкненьне да свабоды і пераменаў, і з кожным днём нас становіцца толькі больш: сёння на страйк выйшлі рабочыя, завадчане, будаўнікі, лекары, студэнты, пэнсіянэры. МАЗ, МТЗ, ММЗ, МЗКЦ, МЭТЗ, „Гродна Азот“, БКМ, „Атлант“, „Мотавела“, „БелОМА“. Кіраўніцтва выходзіць на размовы са страйкоўцамі, але вы смела адстойваеце сваю пазіцыю на сваім працоўным месцы, — гаворыцца ў заяве.— БДУ, БНТУ, БДУІР, БДАМ, БДТУ, МДЛУ, БДМУ, БДПУ, БДУКМ, БДЭУ, ГрДУ, ВАВМ. Вы сёньня паказалі, што беларускія студэнты хочуць жыць у вольнай краіне».
Каардынацыйная рада настойвае на тым, каб на людзей, якія карыстаюцца сваім канстытуцыйным правам, спынілі ціск: «Артыкул 41 Канстытуцыі РБ абвяшчае:
„Грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на аб’яднаньне ў прафэсійныя саюзы, заключэньне калектыўных дагавораў (пагадненьняў) i права на страйк“».