Акцыя пратэсту ў Менску працягнулася на плошчы Якуба Коласа, адбыліся новыя затрыманьні

Затрыманьне каля кавярні “Зерне“ недалёка ад плошчы Якуба Коласа

У цэнтры Менску ўвечары працягвалася акцыя ў падтрымку агульнанацыянальнай забастоўкі. Яе ўдзельнікі дайшлі да плошчы Якуба Коласа, дзе сталі ў ланцуг.

Каля 20.00, калі на плошчы сабралася каля 100 пратэстоўцаў, у асноўным каля філярмоніі, туды прыехалі сілавікі.

Людзі пабеглі ад іх за філярмонію ўверх па бульвары Мулявіна. За імі па сустрэчнай паласе паехалі тры мікрааўтобусы ў суправаджэньні аўтамабіля ДАІ з уключаным пробліскавым маячком.

З боку вуліцы Якуба Коласа прыехаў аўтазак, зь якога выгрузіліся сілавікі ў абмундзіраваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АМАП разагнаў вечаровы пратэст у Менску, затрымалі дзясяткі чалавек. ФОТА

Раней адбыліся затрыманьні каля «Макдональдса» на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Леніна, а таксама на Кастрычніцкай плошчы, у падземным пераходзе станцыі мэтро «Кастрычніцкая» з боку Дому афіцэраў.

Відавочца паведаміў агенцтву БелаПАН, што каля «Макдональдса» адзін зь сілавікоў «раіўся» з другім, паказваючы на хлопца: «Можа, гэтага возьмем?».

Уздоўж праспэкта шпацыравалі людзі, паказвалі знакі «вікторыя», аўтамабілісты ім сыгналілі. Пэрыядычна праяжджалі мікрааўтобусы зь сілавікамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто бастуе 26 кастрычніка

Групы людзей са сьцягамі і без стаялі каля ГУМу, на плошчы Перамогі, на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Казлова.

У сацыяльных сетках зьявіўся відэазапіс з плятформы станцыі мэтро «Кастрычніцкая», на якой невядомы з дубінкай спрабуе затрымаць маладога чалавека. За яго заступіліся іншыя пасажыры. Ля эскалятараў завязалася бойка.

Паведамляецца пра затрыманьні каля станцыі мэтро «Пушкінская», дзе 10 жніўня загінуў удзельнік пратэстаў Аляксандар Тарайкоўскі.