Настаўнікі менскай гімназіі № 50 запісалі зварот да калегаў і падтрымалі пратэстоўцаў.
«Мы, настаўнікі, у гэты пераломны момант у жыцьці нашай краіны ня можам заставацца ўбаку і маўчаць. Мы хочам дакладна і гучна выказаць ня толькі сваё меркаваньне, а і свае патрабаваньні», — адзначаюць яны ў супольнай заяве.
За доўгія гады школу ператварылі ў зручны інструмэнт абслугоўваньня ўлады, кажуць выкладчыкі. Пасьлядоўна дыскрэдытаваліся становішча і статус настаўніка.
Сёньня сытуацыя кардынальна зьмянілася: нарэшце нераўнадушны настаўнік атрымаў магчымасьць зь лёгкім сэрцам зьвярнуцца да калегаў, бацькоў, цяперашніх і былых вучняў, усяго беларускага грамадзтва.
«Не дазволім больш нікому і ніколі ператвараць школу ў абслугу рэжыму. Школа прызначаная для выхаваньня годных пакаленьняў, а не для штампоўкі бяздумных рабоў! Настаўнікі павінны дыхаць свабодна і працаваць дзякуючы, а не насуперак. Мы за адзіную, вольную Беларусь, за краіну, якую вельмі любім!» — гаворыцца ў калектыўным звароце менскіх настаўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акторкі Сьвятлана Зелянкоўская і Анастасія Шпакоўская запісалі зварот у падтрымку беларускіх жанчын. ВІДЭА