У Польшчы супраць забароны абортаў пратэставалі каля храмаў

У Польшчы ўжо некалькі дзён працягваюцца акцыі пратэсту супраць рашэньня Канстытуцыйнага суду, якое фактычна азначае забарону абортаў у краіне.

У нядзелю тысячы людзей у розных гарадах прынялі ўдзел у акцыях пратэсту каля касьцёлаў. У Познані некалькі дзясяткаў чалавек правялі дэманстрацыю ў храме падчас імшы — з плякатамі «Жанчыны-каталічкі таксама маюць права на аборт». У іншых гарадах акцыі праходзілі галоўным чынам каля ўваходаў у храмы. У Лодзі, напрыклад, на такі мітынг прыйшлі каля 2 тысяч чалавек. У некаторых гарадах лёзунгі ў абарону права на аборт невядомыя напісалі на сьценах храмаў. У Варшаве адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі права на аборт і групай нацыяналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы прызналі заканадаўчы дазвол аборту пры цяжкай паталёгіі плоду антыканстытуцыйным

Дэманстранты лічаць, што за рашэньнем суду стаіць імкненьне кіруючай правакансэрватыўнай партыі абслугоўваць інтарэсы каталіцкай царквы, якая выступае супраць абортаў. У партыі «Права і справядлівасьць» гэта адмаўляюць. Пры гэтым шэраг дэпутатаў ад партыі былі сярод ініцыятараў звароту ў Канстытуцыйны суд.

Суд на гэтым тыдні прызнаў неканстытуцыйнай норму, якая дазваляе перарываць цяжарнасьць пры выяўленьні прыроджаных дэфэктаў плода. За рашэньне прагаласавалі 11 з 13 судзьдзяў. Фактычна гэта поўная забарона абортаў у краіне. Менавіта з такой прычыны рабілася каля 98 адсоткаў усіх легальных абортаў у Польшчы, паведамляе Бі-бі-сі.

З 1993 году і да гэтага часу легальна перапыніць цяжарнасьць у Польшчы можна было толькі з трох прычын: пагроза жыцьцю маці, згвалтаваньне і прыроджаныя дэфэкты плода.