Ад раніцы 25 кастрычніка ў розных частках Менска заўважаная вайсковая тэхніка і мікрааўтобусы зь сілавікамі.
Жыхары сталіцы кажуць пра значную канцэртацыю сілавікоў ля стэлы «Менск — горад-герой», на Партызанскім праспэкце, у раёне плошчы Незалежнасьці і іншых месцах.
У бок цэнтру рушаць вялікія калёны спэцтэхнікі і аўтобусаў з байцамі АМАП і невядомымі ў балаклавах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі каштуе разагнаць мірны пратэст: падлічвае экспэртТым часам у розных гарадах Беларусі перад абвешчаным нядзельным маршам пратэсту людзі вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі. У жылым комплексе «Менск-Сьвет» на фасадах шматпавярховікаў зьявіліся гіганцкія палотнішчы і вялізная расьцяжка з заклікам страйкаваць.
Акрамя Менска, гістарычнай сымболікай выказваюць салідарнасьць з пратэстоўцамі ў Ваўкавыску, Лагойску, Наваградку, Маладэчне ды іншых гарадах краіны.