У Дзяржынску масава выклікаюць у міліцыю ўдзельнікаў мірных пратэстаў

Ілюстрацыйнае фота

22 кастрычніка некаторыя жыхары Дзяржынску атрымалі позвы ў міліцыю. Назаўтра ў пастарунак прыйшлі больш за дзесяць чалавек. Пра гэта расказалі мясцовыя жыхары.

«Раней у нас гэтулькі людзей у міліцыю не выклікалі: адных на прафіляктычную гутарку, іншых у сувязі з адміністрацыйным працэсам. Прычыны розныя. Адна зь іх — фатаздымак зь менскага маршу 6-га верасьня, на якім добра бачныя твары ўдзельнікаў. Фота разьмешчана ў інстаграме гораду, але позвы зьявіліся толькі цяпер», — расказалі жыхары Дзяржынску.

Частку грамадзян, якіх выклікалі па позвах, з пастарунку ня выпусьцілі — іх зьмясьцілі ў ІЧУ да панядзелка. «Чаму адных адпусьцілі, а іншых не, — невядома. Гутарку праводзіў намесьнік начальніка РАУС, начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі падпалкоўнік Сапешка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Білі рукамі, нагамі, дубінкай, распылілі газ». Жыхара Фаніпаля затрымалі пры размалёўваньні прыпынку ў бел-чырвона-белае

Увечары 22 кастрычніка затрымалі сямейную пару, якая расклейвала налепкі ў горадзе, іх таксама пакінулі ў ІЧУ, нягледзячы на тое, што ў іх непаўналетні сын.

«У іх забралі два пляншэты, сьцяг, тэлефон і 9 улётак», — паведамілі Свабодзе жыхары Дзяржынску. Імёнаў затрыманых яны не назвалі.