Відэа забойства армянскіх палонных у Азэрбайджане — сапраўднае, — незалежнае расьсьледаваньне

Азэрбайджанскі салдат вывешвае сьцяг у Джабраіле пасьля аднаўленьня кантролю над горадам, 16 кастрычніка

Вайскоўцаў Азэрбайджану западозрылі ў зьдзяйсьненьні ваеннага злачынства ў Гадруце ў зоне карабаскага канфлікту.

У сацыяльных сетках зьявіліся відэа забойства двух армянаў людзьмі, зьвязанымі, як мяркуецца, з азэрбайджанскай арміяй. Бі-бі-сі і брытанскай сьледчай групе Bellingcat незалежна ўдалося, як яны сьцьвярджаюць, пацьвердзіць сапраўднасьць відэа. Азэрбайджанскія ўлады назвалі відэа фэйкам.

Гадрут — горад на поўдні Азэрбайджану, які амаль трыццаць гадоў кантралявала непрызнаная Нагорна-Карабаская рэспубліка. У кастрычніку 2020 года, пасьля аднаўленьня баёў у Карабаху, у ім разгарнуліся жорсткія баі. Азэрбайджанскія сілы падышлі да гораду з паўднёвага ўсходу, тады як армянскія сілы ўтрымлівалі пазыцыі з поўначы.

15 кастрычніка азэрбайджанскія тэлеграм-каналы распаўсюдзілі два відэа. На першым было зафіксавана паланеньне двух армянаў азэрбайджанскімі салдатамі. На другім відэа зьнята паказальнае пакараньне сьмерцю людзей у той жа вопратцы, што была на палонных. Неўзабаве відэаролікі сталі выдаляць з тэлеграм-каналаў. Замест іх зьявілася афіцыйная пазыцыя Міністэрства абароны Азэрбайджану: гэтыя відэа — фэйкавыя.

Што паказалі расьсьледаваньні

Бі-бі-сі і Bellingcat сьцьвярджаюць, што ім удалося геалякалізаваць месца запісу — першае зьнята на паўночнай ускраіне Гадруту, другое — у парку на поўдні гораду.

Камуфляжная форма і зброя салдатаў, якія ўзялі ў палон дваіх мужчын, не дазваляюць упэўнена вызначыць іх прыналежнасьць, адзначае Bellingcat. Аднак яны відавочна гавораць з палоннымі па-расейску, а адзін з адным — на азэрбайджанскай мове. Голас за кадрам на азэрбайджанскай мове аддае загад: «Цэлься ў галаву!» Раздаюцца стрэлы, і целы мужчын падаюць на зямлю, — пераказвае Бі-бі-сі.

Рэдакцыя сьцьвярджае, што голас камандзіра належыць носьбіту мовы. Журналісты Bellingcat таксама знайшлі пацьверджаньні таго, што шаломы і аўтаматы салдатаў на відэа адпавядаюць тым, якія раней ужо выкарыстоўвалі азэрбайджанскія вайскоўцы, у прыватнасьці, спэцназ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму спробы вырашыць праблему Нагорнага Карабаху раз за разам правальваюцца. Тлумачым

Пазасудовае пакараньне палонных — ваеннае злачынства

Генэральная пракуратура Азэрбайджану заяўляла аб пачатку расьсьледаваньня факту публікацыі відэа, аднак пазьней у ведамстве заявілі, што расьсьледаваньне завершана, а відэа прызнаныя фэйкавымі.

  • Канфлікт у Нагорным Карабаху і прылеглых да яго раёнах Азэрбайджану абвастрыўся ў канцы верасьня. Азэрбайджан пачаў буйнамаштабны наступ. Аб поўнай падтрымцы Баку заявіла Турцыя. У Маскве было дасягнута пагадненьне аб спыненьні агню, аднак абодва бакі заяўляюць аб яго парушэньнях. Баі працягваюцца.
  • Бакі канфлікту ў Карабаху абвінавачваюць адзін аднаго ва ўдарах па грамадзянскіх аб’ектах, што таксама можа быць расцэнена як ваеннае злачынства.
  • Прадстаўнік непрызнанай рэспублікі сказаў Бі-бі-сі, што відэа зафіксавала пакараньне двух мясцовых жыхароў: Бэніка Акап’яна з Гадруту і Юрыя Адам’яна з суседняй вёскі. Адам’ян, імаверна, ваяваў у складзе арміі самаабвешчанай рэспублікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пастка Карабаху. Як перапляліся інтарэсы розных краін у канфлікце Баку і Ерэвану