У Смаргонях на Горадзеншчыне камунальнікі ня здолелі зьняць бел-чырвона-белы сьцяг з высокага дрэва, у выніку яго сьпілавалі.
Пра гэта Свабодзе расказаў мясцовы актывіст Юры Кутузаў.
«На выезьдзе са Смаргоняў на высокай хваіне ўздоўж шашы быў пачэплены бел-чырвона-белы сьцяг. Камунальныя „плятформы“ на такую вышыню не падымаюцца. Выклікалі пажарную машыну — ратавальнікі таксама ня здолелі дацягнуцца, крыху не хапіла лесьвіцы. У выніку, каб выканаць загад, цалкам сьпілавалі вялікае дрэва...»
![Ратвальнікі ня здолелі зьняць сьцяг, пасьля чаго дрэва сьпілавалі](https://gdb.rferl.org/6D20F16D-15DA-4233-ACA4-A534712A7E1D_cx19_cy5_cw76_w1080_h608_b.jpg)
Ратвальнікі ня здолелі зьняць сьцяг, пасьля чаго дрэва сьпілавалі
У Смаргонях праходзяць акцыі пратэсту, пачынаючы ад жніўня. На цэнтральнай плошчы рэгулярна зьбіраюцца людзі пад нацыянальнай сымболікай, ладзяцца аўтапрабегі салідарнасьці, вывешваюцца бел-чырвона-белыя сьцягі. Актывістаў судзяць практычна штодня.