Паразмаўлялі з тымі, у каго дыягнаставаны каранавірус, і даведаліся, што адбываецца ў паліклініках і шпіталях у другую хвалю эпідэміі.
З 23 кастрычніка другі гарадзкі клінічны шпіталь Менску пераходзіць на прыём хворых на COVID-19, адменена плянавая шпіталізацыя іншых пацыентаў. Цяпер каранавірус лечаць у сямі гарадзкіх клінічных шпіталях (дзіцячы і дарослы інфэкцыйныя клінічныя шпіталі, 2, 3, 4, 5 і 6 гарадзкія шпіталі). Месцаў у стацыянарах не хапае, шпіталізуюць толькі зь цяжкімі пнэўманіямі.
Прырост за суткі — 787 новых выпадкаў каранавірусу. Хварэюць дэпутаты, тэлевядоўцы, настаўнікі, на самаізаляцыі міністры. Трывожная сытуацыя ў многіх навучальных установах.
У 14-й гімназіі Менску з 690 вучняў адсутнічаюць 113. 65 хварэюць, у двух вучняў і двух настаўнікаў пацьверджаны каранавірус.
Хуткая дапамога б’е трывогу: зноў не хапае элемэнтарных масак і пальчатак
У першую хвалю каранавірусу валянтэрская ініцыятыва дапамогі мэдыкам #ByCovid19 перадала шпіталям 428 078 сродкаў засьцярогі і 1421 адзінку апаратуры, было сабрана 335 000 даляраў на дапамогу ў барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй.
Нядаўна кампанія заявіла, што ня будзе перазапускаць праект з прыходам другой хвалі пандэміі каранавірусу. Маўляў, калі хапае сродкаў на амапаўскія балаклавы — павінна хапаць і на мэдычныя маскі.
Старшыня камітэту па здароўі Менгарвыканкаму Сяргей Малышка кажа, што сродкаў індывідуальнай абароны ў мэдыкаў хапае.
«У цэлым мы гатовыя да другой хвалі. У нас быў прамежак паміж першай і другой хвалямі каля трох месяцаў, таму закуплялі сродкі індывідуальнай засьцярогі, лекавыя сродкі. Цяпер ёсьць запас, разьлічаны ад 1,5 да 3 месяцаў па намэнклятуры дадзеных ахоўных сродкаў», піша БелТА.
У той жа час мэдыкі ў сацыяльных сетках просяць аб дапамозе.
«Патрэбна спонсарская дапамога на станцыю хуткай мэдычнай дапамогі. Няма пальчатак, рэсьпіратараў і масак. Хто чым зможа, нават па 10 штук кожнага найменьня дапамогуць нам».
Атрымаць апэратыўны камэнтар у Мінздароўя Свабодзе не ўдалося.
Шпіталізавалі праз 10 дзён пасьля станоўчага тэсту, бо тэмпэратура ня падала
60-гадовая Тацяна спачатку думала, што прастудзілася: зьявіўся сухі кашаль, паднялася тэмпэратура. Калі перастала адчуваць пахі і смак, зразумела, што гэта каранавірус. Сама пайшла ў паліклініку, ёй зрабілі тэст, памералі тэмпэратуру, узровень кіслароду.
«Кажуць: так, тэмпэратура павышаная. 39,9. Памералі ціск — 178 на 120. Я кажу: ды ў мяне звычайна 110 на 80. Нічога не прапісалі. Здала тэст. У панядзелак — званок у дамафон. „Гэта паліклініка. У вас станоўчы тэст на каранавірус. Як вы сябе адчуваеце?“
Маладая лекарка паслухала праз стэтаскоп — я так зьдзівілася, думала, што ім карыстаюцца толькі старэнькія лекары. Слухае. Я пытаюся: „А што ў мяне так булькае ў лёгкіх, такое ўражаньне, што я наглыталася вады і не магу выкашляць?“ Доктарка кажа: „Гэта так вірус праяўляецца“.
Больш ніхто зь лекараў не прыходзіў, пыталіся толькі праз тэлефон, як я пачуваюся».
А пачувалася Тацяна дрэнна: цяжкая галава, балелі вушы, было цяжка дыхаць, вельмі моцна круціла косьці і суставы. На 10-ы дзень хваробы ўчастковая ўсё ж прапанавала накіраваньне на кампутарную тамаграфію лёгкіх, бо высокая тэмпэратура вельмі доўга трымалася.
«Я схадзіла на КТ, адчуваючы жудасную слабасьць. Прыйшла дадому. Тэлефануе ўчастковая, кажа: «У вас двухбаковая пнэўманія, на 65% паражэньне лёгкіх. Зьбірайцеся ў шпіталь. Прыедзе хуткая па вас». Я кажу: дык я ж яшчэ тыдзень таму вам казала, што мне вельмі цяжка дыхаць! — абураецца Тацяна.
У пятым шпіталі няма гарачай вады
Жанчыну павезьлі на машыне хуткай дапамогі ў 6-ы шпіталь. Але пакуль ехалі, там месцы скончыліся, павярнулі ў «пяцёрку».
У 5-м клінічным шпіталі пад каранавірус зноў цалкам перапрафілявалі нэўралягічны корпус, які ўвесну ўвялі пасьля капітальнага рамонту. Тады галоўны лекар 5-га шпіталя Міхаіл Назарчук у эфіры Беларускага тэлебачаньня запэўніваў, што палаты сучасныя, разьлічаныя на двух-трох пацыентаў.
«У маёй палаце было 5 чалавек. Уяўляеце, ва ўсім корпусе, дзе людзі зь цяжкімі пнэўманіямі, цяпер няма гарачай вады! Нібыта побач будоўля, вядуць камунікацыі. Я не адчуваю пахаў, таму думала: „Дзякуй Богу, што прапаў нюх, інакш я б там памерла ад непрыемных пахаў, бо ніхто ня можа памыцца“.
Вокны палаты выходзяць на сонечны бок, жалюзі няма, ручкі, каб адкрыць вакно, таксама няма. Даводзілася выпрошваць ручкі ў санітарак, каб пусьціць сьвежае паветра. Насупраць вайсковая частка, дзе пастаянна маршыруюць салдаты», — расказвае пра ўмовы ў каранавірусным корпусе 5-га шпіталя Тацяна.
Пацыентам з каранавірусам, які ўскладнены яшчэ і пнэўманіяй, працягваюць прызначаць процімалярыйны прэпарат гідраксыхлёрахін, выпрабаваньні якога САЗ спыніла яшчэ ў траўні. Паводле апошніх дасьледаваньняў, у лячэньні каранавіруснай інфэкцыі прэпарат неэфэктыўны.
«Мяне прывезьлі ў шпіталь з высокай тэмпэратурай і адразу даюць падпісаць нейкую паперу. Я ня вельмі зразумела, чаго ад мяне хочуць. Аказалася, гэта процімалярыйны прэпарат. Мне ён не падышоў, адчувала стэнакардыю. Папрасіла адмяніць, а доктарка кажа: вы ўжо 3 дні прапілі, трэба завяршыць, яшчэ 3 дні папіць. У выніку я сама сабе адмяніла, ня стала нават спрачацца. Няма чым лячыць каранавірус», — кажа Тацяна.
Тацяну выпісалі далечвацца дома, параілі больш ляжаць на жываце.
«Сама дыягнаставала COVID, сама зрабіла платны тэст, сама стала на ўлік»
65-гадовая Ганна мае хранічнае захворваньне — бранхіяльную астму, таму кожную восень абавязкова рабіла прышчэпку супраць грыпу платна — нідэрляндзкай вакцынай «Інфлювак». Прышчэпку перанесла лёгка.
14 кастрычніка ўвечары паднялася тэмпэратура да 37,5, зьявіўся лёгкі кашаль, пяршэньне ў горле. Правярала сябе на адчуваньне пахаў і смаку — пахі чула, ежа смак мела. Потым адчула ламату ў паясьніцы. Тэмпэратура раніцамі была нармальная, вечарамі падымалася да 37,8. Так працягвалася тыдзень.
Паліклініка № 6 па месцы жыхарства жанчыны на капітальным рамонце. Там працуе рэгістратура і некалькі кабінэтаў, пацыентаў перавялі ў паліклініку пры 2-м шпіталі. Вырашыла сама здаць тэст на COVID платна. Тэсты прымаюць толькі дзьве гадзіны — ад 8 да 10 раніцы. Прыехала ў 7.30 у сераду, у чарзе аказалася чацьвёртай. Праз 10 хвілін вэстыбюль быў ужо повен людзей.
Каштуе ПЦР-тэст 39 рублёў 98 капеек. Прычым заключаць дамову трэба ў адным крыле, а потым ісьці ў лябараторыю праз доўгі калідор.
«Вынік можна атрымаць пасьля 18-й — самому ісьці па яго ўжо ў даведачнае бюро 2-га шпіталя. Ніхто нікому не паведамляе пра вынік. Прыехала ў паліклініку раніцай у чацьвер. Тэст аказаўся станоўчы. Забрала заключэньне. Я павінна сама сябе паставіць на ўлік — зьвязацца са сваім участковым. Я адразу патэлефанавала ў сваю 6-ю паліклініку, паведаміла пра станоўчы тэст. Так што я сама дыягнаставала, сама зрабіла тэст, сама стала на ўлік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за суткі зарэгістравалі 738 выпадкаў COVID-19, агульная колькасьць перавысіла 90 тысячУжо пад вечар ператэлефанавала ўчастковая лекарка. Сказала, што ў чацьвер яна не пасьпее наведаць, няма сіл, пастараецца наведаць у пятніцу, бо ёй неабходна сфатаграфаваць заключэньне і нумар тэсту, а таксама ўзяць падпіску, што я 14 дзён буду на самаізаляцыі. Я нагадала пра сваю бранхіяльную астму і папрасіла накіраваньне на КТ лёгкіх. Доктарка сказала, што гэта ня мае сэнсу і накіраваньня яна ня дасьць. Калі я запыталася пра лекі, доктарка сказала, што ў мяне амаль бессымптомнае цячэньне хваробы, нічога прымаць ня трэба», — сказала Ганна.
А 15-й гадзіне прыйшлі дзьве доктаркі, сказалі, што будуць тэлефанаваць. 3-га лістапада Ганьне трэба прыйсьці ў паліклініку. Паўторны тэст рабіць ня трэба. Параілі прымаць 6 дзён прэпарат «азікар» і вітамін Д.
Усяго ў Беларусі зарэгістравалі 91167 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 ад пачатку пандэміі, паведамляе Мінздароўя.
Прырост за суткі — 787 новых выпадкаў, у чацьвер было 738, у сераду — 733.
Мінздароўя 20 кастрычніка выдала новы загад аб аказаньні дапамогі хворым на каранавірус.