За здымак з нацыянальным сьцягам жыхарам Гомля прысудзілі 10–15 дзён арышту

Пікет каля раённай адміністрацыі ў Гомлі. Ілюстрацыйнае фота.

Жыхароў Навабеліцкага раёну Гомля міліцыя затрымала за здымак зь бел-чырвона-белым сьцягам на фоне адміністрацыі раёну.

Суд ужо пакараў частку затрыманых арыштамі на 10–15 сутак.

У судзе супраць затрыманага Вячаслава Бадунова сьведчыў міліцыянт Кавалёў. Ён падрабязна расказаў, як выпадкова заўважыў кампанію прыхільнікаў перамен і вырашыў прасачыць за імі.

Бадунова затрымалі 22 кастрычніка за нібыта ўдзел у пікеце 21 кастрычніка. У той вечар, 21 кастрычніка, у гомельскіх тэлеграм-каналах зьявіўся здымак зь невядомымі, якія стаялі зь бел-чырвона-белым сьцягам на фоне адміністрацыі Навабеліцкага раёну. На здымку не было відаць іх твараў.

Міліцыя палічыла, што Вячаслаў «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікеце».

Бадуноў віны не прызнаў. Сказаў, што ў той вечар сустракаўся зь сябрамі, гуляў і не рабіў здымкаў са сьцягам.

Міліцыянт Кавалёў сьведчыў на судзе, што вечарам 21 кастрычніка зайшоў у кавярню выпіць кавы:

«Там убачыў кампанію гэтых людзей, якіх я ведаю, бо мы зь імі праводзілі прафіляктычныя гутаркі. У нас у міліцыі ёсьць сьпісы такіх людзей, і я падумаў, што яны ня проста так сабраліся ў кавярні. Я вырашыў за імі прасачыць, назіраў за імі здалёк. Яны выйшлі з кавярні, я пайшоў на другі бок вуліцы. Яны падышлі да статуі шарманшчыка, потым пайшлі ў бок адміністрацыі Навабеліцкага раёну. Я пайшоў па другім баку дарогі, назіраў за імі здалёк і фатаграфаваў іх. Потым яны перайшлі дарогу.

Я практычна сутыкнуўся зь імі і таму зрабіў выгляд, што бягу на аўтобус. Пазьней я сустрэў калегу і сказаў, што ёсьць кампанія грамадзян, якія могуць быць нам цікавыя. Мы прасачылі за імі і ўбачылі, што яны фатаграфуюцца зь бел-чырвона-белым сьцягам каля адміністрацыі Навабеліцкага раёну. Ну, хай фатаграфуюцца. Ранкам назаўтра я ўбачыў, што ў чаце „Гомель 97“ разьмешчана гэтая фатаграфія, вырашыў прыняць меры», — сьведчыў міліцыянт.

Па выніку Вячаслаў атрымаў пакараньне ў 15 сутак арышту.

За здымак са сьцягам каля адміністрацыі судзілі таксама жыхара Навабеліцкага раёну Ўладзімера Сарокіна. Ён атрымаў 10 сутак арышту, Ільля Харонжа — 15 сутак.

Яшчэ за гэты здымак будуць судзіць трох жанчын — Тацяну Бачурную, Аксану Ліхадзіеўскую і Натальлю Глазкову.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.