Пра гэта Свабодзе заявіла Алена Анісім, пераабраная старшыня Таварыства й ТБМ, на зьезьдзе Таварыства беларускай мовы 18 кастрычніка.
Алена Анісім зазначыла, што сябры ТБМ не заставаліся ўбаку ад працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі. Як і іншыя актывісты, яны падпадалі пад рэпрэсіі, у тым ліку суды, арышты і штрафы.
«У нас шмат сяброў ТБМ пацярпела і падчас таго, як выконвалі абавязкі ў якасьці назіральнікаў, і падчас мірных пратэстаў. Гэта пытаньне да ўсяго грамадзтва», — кажа Анісім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таварыства беларускай мовы пераабрала старшынёй Алену Анісім і заклікала да вяртаньня Канстытуцыі 1994 году18 кастрычніка прайшоў чарговы зьезд ТБМ. Алена Анісім кажа, што рашэньне правесьці зьезд у гэты дзень прымалася Радай яшчэ 24 студзеня 2020 году. «Думалі, што, можа, адкласьці [зьезд. — РС], — кажа Алена Анісім. — Але мы прыкінулі падзеі, абставіны, якія ёсьць, вырашылі не адкладаць — і не памыліліся».
ТБМ за вяртаньне Канстытуцыі 1994 году
Паводле Анісім, зьезд прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні, прысутнічалі больш за 100 дэлегатаў з усіх абласьцей. На зьезьдзе была прынятая адмысловая заява аб вяртаньні да Канстытуцыі 1994 году.
«У сувязі з тым, што зараз ідуць розныя меркаваньні і падсоўваецца думка пра правядзеньне дыялёгу наконт канстытуцыйнай рэформы, мы бачым, што розныя палітычныя сілы займаюць розныя пазыцыі, — кажа Алена Анісім. — У асноўным усе схіляюцца да таго, што ніхто з улады не зьбіраецца праводзіць сапраўдную канстытуцыйную рэформу. Таму пытаньне прыняцьця ў сувязі з гэтым заявы ад ТБМ выклікала гарачыя спрэчкі.
І ў выніку гэтых спрэчак быў знойдзены кампрамісны варыянт — Зьезд ТБМ выступае за вяртаньне Канстытуцыі 1994 году, дзе беларускай мове вызначаны статус адзінай дзяржаўнай мовы. А статус іншых моваў, якімі карыстаюцца грамадзяне РБ, можа быць абазначаны ў новай рэдакцыі Закону аб мовах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выпалі два дні прыёму». Плястычны хірург, якога затрымалі са сьцягам на парозе кватэры, адбыў у Жодзіне двое сутакНа зьезьдзе Алена Анісім была пераабраная старшынёй ТБМ, першым намесьнікам быў абраны Ўладзімер Колас, былі абраныя і ўсе кіраўнічыя органы таварыства.
Алена Анісім кажа, што сядзіба ТБМ у гэты час прымае шмат важных імпрэзаў.
«На сядзібе прайшла сустрэча з купалаўцамі, — кажа Анісім. — Па пятніцах у нас паседжаньні прадстаўнікоў розных грамадзкіх рухаў і арганізацый пад кіраўніцтвам старшыні Рады інтэлігенцыі Ўладзімера Коласа. Там мы абмяркоўваем у тым ліку і пытаньне канстытуцыйнай рэформы».
ТБМ — адно з найстарэйшых беларускіх рэспубліканскіх аб’яднаньняў. Заснаванае ў 1989 годзе, яно займаецца адраджэньнем і абаронай беларускай мовы і культуры.
Алена Анісім узначаліла ТБМ у 2017 годзе, замяніўшы на гэтай пасадзе гісторыка Алега Трусава. Была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў 6-га скліканьня.