«Зьнішчыце ў сабе раба»,— дзеячы культуры заклікалі да агульнанацыянальнага страйку 

Удзельніца відэазвароту, народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосьцік

22 дзеячы культуры запісалі відэазварот у падтрымку «народнага ўльтыматуму» і агульнанацыянальнага страйку, паведамляе Беларускі фонд культурнай салідарнасьці.

У запісе відэа ўзялі ўдзел вядомыя творцы з самых розных сфэраў: акторы, музыкі, мастакі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Еднасьці гэта не дадасьць». Кіраўнік хору імя Цітовіча пра канцэрты ў Купалаўскім 

Гэта народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосьцік, лідэр гурту J:Морс Уладзімер Пугач, рэжысэр і актор Васіль Калач, музыка Лявон Вольскі, актор Алег Гарбуз, сьпявачка і тэлевядоўца Ларыса Грыбалёва, паэт Андрэй Хадановіч, дырыжор Андрэй Галанаў, мастак Міхаіл Гулін, рэжысэр і драматург Андрэй Курэйчык, опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук, мастацтвазнаўца Мікіта Моніч, сьпявачка Руся, шоўмэн і тэлевядоўца Андрэй Бонд, браты Каракіны з гурту Litesound, музыка Павал Аракелян, музыка і мастак Андрусь Такінданг, музыка і прадусар Сяргей Доўгушаў, ды-джэй пераменаў Кірыл Галанаў, тэлевядоўца і актор Аляксандар Ждановіч (Маляваныч), лідэр гурту «Дай дарогу!» Юры Стыльскі, саліст Вялікага тэатру Ільля Сільчукоў, экс-міністар культуры Павал Латушка.

Усе яны па чарзе прамаўляюць заклік да беларусаў, якія прагнуць свабоды.

«Мы — вольныя творцы. Мы самі вырашаем свой лёс. Мы самі ствараем культуру. Бо культура — гэта мы. Заклікаем нашых прыхільнікаў, гледачоў і слухачоў у Беларусі адмовіцца ад наведваньня культурных устаноў. Пасядзіце дома зь дзецьмі. Пачытайце кнігу. Памалюйце. Паглядзіце кіно. Паслухайце музыку. Калі працуеце ў дзяржаўнай установе — не выходзьце на працу з 26 кастрычніка. Зьнішчыце ў сабе раба. Знайдзіце прычыну. Захварэйце. Ніякіх карпаратываў ды іншых івэнтаў на замову. Выходзьце ў свой двор. Гуляйце па вуліцах свайго гораду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Litesound пазбавілі канцэртаў за крытыку ўладаў. Гурт адказаў гімнам «Мы героі»